Беларуска схадзіла на сумоўе ў краму вядомага брэнда і перадумала ўладкоўвацца
9- 22.10.2026, 8:58
Гісторыя жыхаркі Оршы выклікала бурнае абмеркаванне ў сацсетках.
Жыхарка Оршы вырашыла змяніць працу і знайшла вакансію прадаўца ў краме Mark Formelle з заробкам ад 1000 рублёў. Аднак на сумоўі высветлілася, што плаціць могуць менш, а працаваць давядзецца кожную пятніцу, суботу і нядзелю. Пра свой досвед дзяўчына расказала ў Threads, піша «Зеркало».
«Хачу звольніцца. Шукаю працу. Убачыла вакансію ў Mark Formelle. Заробак ад 1000 [рублёў], рэжым працы з 10.00 да 20.00. Вельмі класная вакансія, падумала я і пайшла на сумоўе», — напісала карыстальніца з нікам olyavishnyaa.
Аднак на сумоўі ўмовы аказаліся не такімі прывабнымі, як у аб’яве. Высветлілася, што заробак пачынаецца з 830 рублёў, а астатняя сума «залежыць ад продажаў за месяц». Пры гэтым кандыдатцы, паводле яе слоў, сказалі: «Ну да 1000 часам можам дацягваць».
Не задаволіў яе і графік — працаваць трэба было па плаваючым графіку з абавязковымі зменамі па пятніцах, суботах і нядзелях.
«На пытанне, ці можна раз на месяц узяць выхадны ў суботу і нядзелю, быў адказ: «Можна толькі адзін дзень, і гэта калі вы памяняецеся з напарніцай», — расказала беларуска, дадаўшы, што цяпер яна «далей у пошуках працы».
У каментарыях дзяўчына ўдакладніла, што гаворка ішла пра 180 працоўных гадзін у месяц.
«18 змен атрымліваецца, калі я правільна палічыла», — адказала яна на пытанне адной з карыстальніц.
Некаторыя каментатары адзначылі, што заробак у 830–1000 рублёў пры такім графіку занадта нізкі:
«Вось і рэальныя зарплаты ў РБ, а не 3000 мінімум, як усе крычаць».
«А дзе ж сярэдні заробак 3000? На 1000, напэўна, і пакой не здымеш, самастойнае жыццё немагчыма… без мужа, бацькоўскай пенсіі…»
«У галаве не ўкладваецца, як можна пражыць месяц на тысячу рублёў… Заробак — смех, і толькі, затое патрабаванні якія».
Знайшліся і тыя, хто ўжо працаваў у Mark Formelle. Адна з удзельніц абмеркавання пацвердзіла, што выходныя ў крамах сеткі звычайна прыпадаюць на буднія дні:
«Там даўно ўжо мінімалка. І так, выходныя сярод тыдня, але рэдка калі пятніца, субота або нядзеля, таму што гэта пікавыя дні, там узмоцненыя змены, на якія ставяць больш прадаўцоў».
Іншая дзяўчына падзялілася ўласным досведам працы ў сетцы, згадаўшы яшчэ меншы заробак і нязручны графік:
«Таксама працавала ў МФ, звольнілася, графік то тры — адзін — чатыры, то два — два — чатыры, асабліва калі з дзіцём — увогуле не варыянт. Заробак — гэта асобны від мастацтва, 600 рублёў. Дзяўчаты потым расказвалі, што і тое менш атрымлівалі. А цэлы дзень на нагах. Працуй за “дзякуй”, а правілы выконвай».
Яшчэ адна былая супрацоўніца расказала, што сышла з крамы ў Гродне падчас выпрабавальнага тэрміну:
«Жудаснае месца, бегла адтуль, як ад пажару, добра, што паспела ўцячы на выпрабавальным тэрміне. Сядзець нельга, увесь дзень на нагах, тэлефоны абавязкова здаваць у скрыню. Адзін раз прыйшоў да мяне на працу малады чалавек проста пагаварыць, дык і за гэта ўляцела. З калегамі ў зале забаранялі размаўляць».
Пры гэтым не ўсе водгукі аказаліся адназначна негатыўнымі. Адна з былых работніц адзначыла, што ёй пашанцавала з кіраўніцай, якая ўлічвала пажаданні супрацоўнікаў пры складанні графіку. Праўда, заробкі, паводле яе слоў, таксама былі нізкімі:
«Працоўны дзень на 0,5 стаўкі, у сярэднім выходзіць 550 (калі закрыты план продажаў, 650±). Трэба было адпрацаваць 80 гадзін у месяц, якія змены — усё залежыць ад графіку, звычайна было адзін-два разы на тыдзень па 4,5 гадзіны і кожную нядзелю/суботу па 12 гадзін. І так, у вас ёсць гадзіна перапынку, якая спакойна не аплачваецца. Калі змена 12 гадзін, вы проста змагаецеся з калегамі, хто калі пойдзе на абед (30 хвілін удзень і 30 увечары)».
Некаторыя карыстальнікі пачалі прапаноўваць аршанцы іншыя варыянты працаўладкавання. Напрыклад, працу ў пунктах выдачы заказаў, на складзе або ў дзіцячым садку:
«Прыходзьце да нас кухаром», — прапанавала адна з каментатарок.
«Вялікі дзякуй, але зараз спрабую ўцячы з грамадскага харчавання», — адказала аўтарка паста.