У Беларусі створяць больш за тысячу атрадаў «народнага апалчэння»
- 21.10.2026, 22:09
Ці рыхтуецца Лукашэнка да вайны?
У Беларусі плануюць стварыць больш за тысячу атрадаў народнага апалчэння ва ўсіх рэгіёнах краіны, паведаміў прапагандысцкі дзяржаўны тэлеканал СТВ.
«У краіне запланавана стварэнне больш як тысячы атрадаў народнага апалчэння. Практычная падрыхтоўка дабравольцаў ідзе бесперапынна», — гаворыцца ў паведамленні тэлеканала.
На вучэннях апалчэнцы адпрацоўваюць барацьбу з дыверсантамі і ахову жылых кварталаў, вучацца абыходзіцца са зброяй і кіраваць беспілотнікамі.
Аляксандр Лукашэнка 16 кастрычніка заклікаў пашыраць сетку атрадаў «народнага апалчэння». Падчас наведвання вучэбна-трэніровачных заняткаў у Віцебскай вобласці ён заявіў, што такі атрад павінен быць у кожным сельсавеце. Паводле яго слоў, у выпадку ваенных дзеянняў жыхары павінны мець магчымасць абараніць сябе і свае дамы.
Закон «Аб народным апалчэнні» Лукашэнка падпісаў 17 ліпеня 2023 года. Дакумент стварыў прававую аснову для добраахвотнага ўдзелу грамадзян у забеспячэнні ваеннага становішча, дапамозе органам унутраных спраў і абароне маёмасці ад злачынных замахаў.
Згодна з законам, атрады фармуюць мясцовыя органы ўлады і саветы абароны. Дабравольцы выконваюць задачы на тэрыторыі, дзе сфармаваны іх атрад, і размяшчаюцца па месцы жыхарства. Зброяй і боепрыпасамі іх забяспечвае Мінабароны.