Генерал Білецкі распавёў, як удалося захаваць у таямніцы ад расейцаў аперацыю «Вівальдзі»
- 20.10.2026, 8:43
- 1,610
Аперацыя ЗСУ была звышсакрэтнай.
Аперацыю «Вівальдзі» ўдалося захаваць у таямніцы, паколькі ніякіх справаздач, акрамя асабістага даклада галоўнакамандуючаму, не было. Пра гэта распавёў камандзір Трэцяга армейскага корпуса брыгадны генерал Андрэй Білецкі на сустрэчы з журналістамі, піша «Украінская праўда».
«І галоўнакамандуючы генерал Сырскі, і галоўнакамандуючы генерал Драпаты — абодва ведалі пра аперацыю і абодва пагадзіліся з адсутнасцю афіцыйных справаздач», — распавёў Білецкі.
Паводле яго слоў, ніякіх іншых справаздач не было, акрамя таго, што ён раз на некалькі тыдняў асабіста дакладваў галоўнакамандуючаму.
Таксама важную ролю, паводле яго слоў, адыграла падрыхтоўка да наступу.
«Цяпер схаваць перакідванне брыгады можна на 3–4 дні, не больш. Вялізны электронны след. У брыгадзе служыць 3–4 тысячы чалавек асабовага складу. У іх ёсць тэлефоны, яны сядзяць у сацыяльных сетках, тэлефануюць родным і блізкім, часам нешта публікуюць. Для разведнікаў вызначыць, што брыгада перамясцілася ў новы раён, — справа некалькіх сутак. Канфіскаваць тэлефоны — нерэальна», — адзначыў Білецкі.
На ўзроўні расейскай групоўкі «Захад» былі падазрэнні, што нешта не так. Але адной з прычын, праз якую праціўнік падумаў, што нічога сур’ёзнага не адбываецца, стала адсутнасць падмацавання. Расейцы вырашылі, што для правядзення наступальнай аперацыі ў ЗСУ проста няма сіл.
Нагадаем, раней Білецкі распавядаў, што ў ходзе чатырох этапаў аперацыі «Вівальдзі» Украіна вярнула пад свой кантроль 16 населеных пунктаў і 277 км² тэрыторыі. Расейцы, паводле яго слоў, страцілі 8000 салдат.