Папа рымскі патэлефанаваў Зяленскаму
1- 19.10.2026, 20:42
ФОТА: GETTY IMAGES
Пантыфік абмеркаваў з прэзідэнтам Украіны гуманітарную дапамогу жыхарам Алешак.
Папа рымскі Леў XIV пагаварыў па тэлефоне з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, паведамляе афіцыйны навінавы партал Ватыкана.
Пантыфік назваў сітуацыю ў горадзе цяжкай. Бакам канфлікту, на яго думку, варта сумесна арганізаваць дастаўку прадуктаў харчавання і медыцынскай дапамогі, а таксама правесці эвакуацыю жыхароў.
Папа рымскі паведаміў Зяленскаму пра нядаўнюю тэлефонную размову з расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным. Тады ён заклікаў да лакальнага спынення агню і прапанаваў дапамогу ў дыялогу па гэтым пытанні.
Алешкі знаходзяцца на левым беразе Дняпра, менш як за 10 км ад Херсона. Да пачатку вайны ў горадзе пражывала звыш 20 тыс. чалавек.
Летам 2023 года горад апынуўся амаль цалкам затопленым пасля разбурэння расійскімі акупантамі Кахоўскай ГЭС.