Польшча перадала Украіне дапамогу для абароны Кіева
2- 15.10.2026, 22:07
- 1,604
Пра гэта паведаміў Зяленскі.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў пра перадачу з боку Польшчы пакета дапамогі для абароны ад расійскіх атак, які ўтрымлівае непублічныя элементы.
Ягоныя заявы на пачатку сустрэчы з польскім прэм’ерам Дональдам Тускам у кулуарах саміту Еўрасаюза зафіксавала «Радыё Свабода».
Дональд Туск, вітаючы ўкраінскага прэзідэнта, падкрэсліў, што Украіна можа разлічваць на дапамогу Польшчы.
«Я хацеў бы запэўніць Украіну, ваш народ і вас асабіста: вы не адны… вы можаце разлічваць на мяне, на Польшчу, а таксама на Еўрасаюз. Пасля маіх перамоваў тут, у Бруселі, з усімі лідэрамі абсалютна відавочна, што ўсё, што магло б дапамагчы Пуціну і Расіі ў гэтай вайне, непрымальнае для Еўропы і Польшчы», — запэўніў Туск Зяленскага.
Украінскі прэзідэнт, у сваю чаргу, падзякаваў Польшчы за падтрымку «ў палітычным, геапалітычным сэнсе і па многіх іншых пытаннях».
Ён таксама заявіў, што існуе непублічная дапамога, якую Украіна атрымала ад Варшавы і якая павінна дапамагчы абараніць Кіеў ад расійскіх атак.
«Тое, што вы зрабілі… Добра, часам гэта павінна заставацца паміж намі двума», — сказаў украінскі прэзідэнт, адрэагаваўшы на жэст польскага прэм’ера.
«Але мы ўдзячныя, бо вельмі складана абараняць нашу краіну, сталіцу ад масіраваных атак. І мы ўдзячныя за гэта, а таксама за 20-мм боепрыпасы (выкарыстоўваюцца для СПА — Еўрапраўда) і іншае. Менавіта пра гэта мы цяпер просім розныя краіны, усю Еўропу», — заявіў Зяленскі.
Прэзідэнт не стаў раскрываць, што менавіта ён меў на ўвазе, але вядома, што цяпер Украіна просіць усе дзяржавы прадаставіць перахопнікі, здольныя адбіваць балістычныя атакі.