У Беларусь вяртаецца цяпло
- 14.10.2026, 12:37
- 1,162
Асабліва пашанцуе паўднёваму ўсходу краіны.
Да канца тыдня ў Беларусь дзякуючы паўднёвым цыклонам зноў вернецца цяпло. Асабліва пашанцуе паўднёваму ўсходу краіны.
Як піша тэлеграм-канал «Метеовайб», пакуль надвор’е ў Беларусі вызначае даволі прахалодная паветраная маса, якая прыйшла да нас са Скандынавіі.
Аднак атмасферная цыркуляцыя ў другой палове тыдня зменіцца пад уплывам слабарухомага цыклона над акваторыяй Чорнага мора. На яго паўночнай перыферыі паўночна-заходнія плыні зменяцца на ўсходнія і паўднёва-ўсходнія. І з раёнаў Каспія пачне паступаць больш цёплая паветраная маса. Асабліва пашанцуе паўднёваму ўсходу краіны, дзе адвекцыя цяпла будзе больш інтэнсіўнай.
Паводле звестак мадэлі ECMWF, тэмпература паветра да нядзелі можа павысіцца да +11..+17°C, на паўднёвым усходзе не выключаныя і +18..+20°C.
Пры гэтым да канца тыдня месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы. І больш ападкаў прагназуецца на поўдні Беларусі.