Новая прэс-сакратарка Трампа пераблытала мужа з прэзідэнтам
7- 14.10.2026, 8:57
- 3,968
Кэці Захарыя правяла свой першы брыфінг у Белым доме.
Кэці Закарыя, што змяніла Кэролайн Лівітт на пасадзе прэс-сакратаркі прэзідэнта Дональда Трампа, правяла свой першы брыфінг у Белым доме. Ён доўжыўся ўсяго 14 хвілін і адзначыўся канфузам.
Адказваючы на пытанне пра тое, як яна збіраецца сумяшчаць працу з роляй маці чатырох дзяцей, улічваючы, што яе сям'я жыве ў Каліфорніі, Захарыя паведаміла, што ўсе яны пераязджаюць у Вашынгтон, аднак выпадкова пераблытала мужа з Трампам, піша The Independent.
«Думка пра тое, што я не буду праводзіць вечары са сваімі дзецьмі, абсалютна непрымальная, таму мой прэзідэнт… э-э, прашу прабачэння, мой муж знаходзіцца тут…» — сказала Захарыя.
Пасля ўдакладнення сказанага прэс-сакратарка паставілася да сітуацыі з гумарам.
«Добрая агаворка», — заўважыла яна.
Увесь брыфінг доўжыўся 14 хвілін, і на працягу першых васьмі хвілін Кэці усхваляла «энергічнага прэзідэнта» і заяўляла пра «рэкордную наведвальнасць» яго мітынгаў, пасля чаго хутка пералічыла пазітыўныя даныя пра рост заробкаў, цэны на лекі, сітуацыю з занятасцю і аб'ёмы вытворчасці энергарэсурсаў.
Адказам на пытанні журналістаў яна прысвяціла не больш за шэсць хвілін.
Сярод СМІ, якія паспелі задаць ёй пытанні, былі Breitbart, Fox News і Daily Mail. Пасля гэтага Кэці датэрмінова завяршыла прэс-канферэнцыю. Гэта быў адзін з самых кароткіх брыфінгаў за апошняе дзесяцігоддзе, а прыкметнае хваляванне прэс-сакратаркі стала прадметам абмеркавання ў Вашынгтоне.
У заходняй прэсе яе дэбют ужо раскрытыкавалі, а The Independent увогуле назвала яго катастрафічным. Са свайго боку New York Post звярнула ўвагу, што новая прэс-сакратарка Белага дома празмерна нервовая.
Нягледзячы на гэта, галоўны наймальнік Захарыі застаўся задаволены тым, як праявіла сябе яго новая падначаленая.
«На маю думку, яна выдатна справілася. Яна выступіла вельмі добра», — заявіў ён.
Як паведаміла выданню The Post дасведчаная крыніца, Трамп асабіста інструктаваў сваю новую галоўную прадстаўніцу ў Авальным кабінеце (з-за чаго яна крыху спазнілася) і даручыў ёй скарыстацца высокай грамадскай цікавасцю да брыфінгу, каб падрабязна расказаць пра свае дасягненні і абвясціць пра рашэнне патрабаваць адстаўкі пасла ЗША ў Грэцыі Кімберлі Гілфойл.
Да прыходу ў Белы дом Кэці Захарыя працавала ў медыякампаніі Трампа і была прэс-сакратаркай Міністэрства ўнутранай бяспекі ЗША.
На гэтай пасадзе яна змяніла Кэролайн Лівітт, якая пакінула пасаду напрыканцы жніўня 2026 года, каб праводзіць больш часу з сям'ёй.