3 кастрычнiка 2026, Субота, 13:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Стоматолаг і сантэхнік: хто выратаваў той самы рэйс у Тэль-Авіў

76
Стоматолаг і сантэхнік: хто выратаваў той самы рэйс у Тэль-Авіў
Самалёт FlyDubai з пасажырамі рэйса FZ1073 пасля прызямлення ў аэрапорце Бэн-Гурыён
Фота: Нір Кейдар / Anadolu / Getty Images

Сапраўдная галівудская гісторыя.

Самалёт FlyDubai, які ляцеў з Дубая ў Тэль-Авіў, 30 верасня ледзь не пацярпеў катастрофу пасля таго, як другі пілот напаў на капітана паветранага судна проста ў кабіне. Папярэдзіць трагедыю ўдалося дзякуючы дзеянням людзей на борце: разам яны змаглі абясшкодзіць нападніка і пасадзіць самалёт, піша «Медуза».

Нягледзячы на раненні, капітан Сміт Маччхар змог упусціць пасажыраў у кабіну

Пазбегнуць катастрофы найперш дапамог капітан судна. Ім аказаўся 39-гадовы грамадзянін Індыі Сміт Маччхар. Другі пілот нанёс яму нажавыя раненні, у тым ліку ў галаву і рукі, аднак Маччхар здолеў адчыніць дзверы кабіны — і пасажыры змаглі трапіць унутр і абясшкодзілі нападніка.

Цяпер Маччхар у бальніцы. Паводле Reuters, у авіяцыі ён працуе каля 15 гадоў, а ў FlyDubai перайшоў у 2022 годзе. Смеласць Маччхара ўжо адзначыў прэм’ер-міністр Індыі Нарэндра Модзі: «Перад абліччам найвялікшай небяспекі і нягледзячы на сур’ёзныя раненні ён праявіў велізарную адвагу і непахісную рашучасць абараніць жыцці іншых».

Сантэхнік Яніў Хаюн стабілізаваў самалёт

Калі дзверы кабіны адчыніліся, адным з першых туды ўвайшоў пасажыр Яніў Хаюн. Паводле яго слоў, паранены капітан ляжаў каля дзвярэй, а другі пілот знаходзіўся каля панэлі кіравання і біў па ёй. Хаюн выцягнуў яго з кабіны і паклікаў на дапамогу іншых пасажыраў, а пасля сеў за штурвал і пацягнуў яго на сябе, каб вывесці самалёт з піке.

The Guardian і прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паведамляюць, што ізраільцянін Хаюн па прафесіі сантэхнік. Сам ён распавёў у інтэрв’ю, што ведаў алгарытм дзеянняў дзякуючы серыялу «Расследаванні авіякатастроф».

Двое пасажыраў — прафесійныя пілоты — пасадзілі самалёт

Калі самалёт удалося стабілізаваць, кіраванне прынялі прафесійныя пілоты — сярод пасажыраў рэйса аказаліся два пілоты FlyDubai. Яны пасадзілі борт у Саудаўскай Аравіі. Хто менавіта ўзяў на сябе кіраванне самалётам, дакладна невядома. Выданне Israel Hayom сцвярджала, што гэта грамадзянін Расіі і грамадзянін Украіны, аднак пакуль гэтая версія не пацвердзілася. Паводле іншай інфармацыі, адзін з пілотаў, што пасадзілі самалёт, быў грамадзянінам Фіджы. Дакладна вядома толькі, што яны таксама працуюць у авіякампаніі FlyDubai.

Стоматолаг Шота Мусаеў аказаў дапамогу капітану

Адзіным лекарам на борце быў стаматолаг з Ізраіля Шота Мусаеў. Ён аказаў першую дапамогу капітану, што, на яго думку, магло ўратаваць Маччхару жыццё. «Калі я апынуўся ў кабіне, пілот быў у вельмі дрэнным стане, у яго быў моцны крывацёк у вобласці галавы», — распавёў Мусаеў.

Пасажыры Асаф Раджван і Цвіка Манес абясшкодзілі нападніка

Пасажыры 55 хвілін утрымлівалі другога пілота, каб ён не змог вярнуцца ў кабіну. Асаф Раджван, адзін з тых, хто дапамагаў абясшкодзіць нападніка, распавёў, што сам атрымаў лёгкае раненне. Іншы пасажыр, Цвіка Манес, паведаміў, што з другім пілотам змагаліся каля 20 хвілін, у выніку яго звязалі праваднымі навушнікамі.

Манес распавёў, што ляцеў гэтым рэйсам разам з дачкамі. У момант рэзкага зніжэння самалёта яны былі вельмі напалоханыя і крычалі, што не хочуць паміраць. «Для любога бацькі пачуць такое — вельмі траўмуюча», — сказаў ён.

Чаго мы дагэтуль не ведаем?

Асоба другога пілота не раскрываецца. Вядома толькі, што гэта грамадзянін Амана. Цяпер яго дапытваюць улады Саудаўскай Аравіі. Ізраіль таксама мае намер дапытаць падазраванага, паведаміў прэм’ер-міністр гэтай краіны Біньямін Нетаньяху.

Чаму ён учыніў напад, невядома. Ізраільскія ўлады разглядаюць версію, што другі пілот планаваў не проста разбіць самалёт, а здзейсніць тэракт паводле ўзору 11 верасня, накіраваўшы борт у адзін з хмарачосаў Тэль-Авіва, паведамілі крыніцы The Telegraph. Паводле звестак выдання, следства разглядае гэтую версію як асноўную. Нетаньяху заявіў, што Ізраіль мае намер высветліць, ці былі ў нападніка саўдзельнікі. Адказваючы на пытанне, ці мог да гэтага быць датычны Іран, Нетаньяху сказаў, што пра гэта «занадта рана гаварыць».

Якая зброя была выкарыстана падчас нападу, невядома. У аэрапорце перад вылетам экіпаж праходзіць строгі дагляд, у тым ліку праз металадэтэктары. Нетаньяху выказаў здагадку, што нападнік мог выкарыстаць аварыйную сякеру, якая захоўваецца ў кабіне на выпадак надзвычайных сітуацый.

Напісаць каментар 76

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲