Сікорскі: Вайну ва Украіне спыніць прасцей, чым канфлікт на Блізкім Усходзе
9- 14.10.2025, 21:49
- 13,454
Кіраўца МЗС Польшчы расказаў, што для гэтага трэба зрабіць.
Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі на прэс-канферэнцыі сказаў, што канец поўнамаштабнаму расійскаму ўварванню ва Украіну можа пакласці адзін тэлефонны званок, піша «Еўрапейская праўда».
На думку Сікорскага, для заканчэння вайны ва Украіне трэба толькі рашэнне Уладзіміра Пуціна пра вывад расійскіх войскаў і яго званок начальніку Генштаба РФ Валерыю Герасімаву.
Менавіта таму, дадаў кіраўнік польскага МЗС, вырашэнне канфлікту ва Украіне прасцей, чым заканчэнне вайны на Блізкім Усходзе.
На пытанне, ці растуць шанцы на званок Пуціна Герасімаву, Сікорскі адказаў, што «яны растуць, калі расійская эканоміка пачынае запавольвацца».
«Украіна паказала, што ўжо 10 гадоў стрымлівае Пуціна на Данбасе. Пуцін не пераможа. Трэба паказаць, што мы гатовыя падтрымліваць Украіну ў сярэднетэрміновай перспектыве і рэалізаваць нашы заходнія санкцыі ў дачыненні да расійскай нафты, газу і тэхналогій», — дадаў ён.