Прынц Гары паскардзіўся брытанскім праваахоўнікам на пераслед
4- 11.10.2025, 21:56
- 4,456
Герцаг Сасэкскі запатрабаваў перагледзець меры бяспекі пасля двух інцыдэнтаў у Лондане.
Герцаг Сасэкскі афіцыйна папрасіў перагледзець меры бяспекі падчас яго візітаў у Вялікабрытанію пасля паведамленняў пра тое, што «вядомы пераследнік» двойчы падыходзіў «на адлегласць некалькіх метраў» да прынца Гары падчас яго апошняй паездкі ў краіну. Пра гэта паведамляе The Independent са спасылкай на крыніцу, блізкую да герцага.
Суразмоўца выдання пацвердзіў, што прынц Гары напісаў ліст міністру ўнутраных спраў Шабане Махмуд.
Па інфармацыі The Telegraph, «вядомая пераследніца» парушыла «зону бяспекі» ў цэнтры Лондана, калі герцаг наведваў цырымонію ўзнагароджання WellChild Awards 9 верасня.
Праз два дні жанчыну заўважылі паблізу прынца ў Цэнтры даследаванняў выбуховых траўмаў у заходнім Лондане. Як паведамляецца, яна падышла «на адлегласць некалькіх метраў» да герцага Сасэкскага.
Таксама крыніца ўдакладніла, што ліст да Махмуд быў адпраўлены пасля гэтых двух інцыдэнтаў, звязаных з бяспекай.