Невядомы дрон праляцеў над авіябазай НАТА ў Германіі
17- 10.10.2025, 8:02
- 3,480
Авіябаза мае ключавое значэнне для кантролю паветранай прасторы ўсходняга фланга Альянсу.
У нямецкім горадзе Гайленкірхен быў зафіксаваны палёт невядомага дрона над авіябазай, на якой дыслагуюцца самалёты паветранай разведкі НАТА.
Пра гэта паведамляе Spiegel.
Інцыдэнт адбыўся ўвечары ў сераду, 8 кастрычніка. Падазроны беспілотнік з’явіўся ў зоне, дзе палёты забаронены, неўзабаве пасля 19:00.
Як вынікае з унутранай службовай запіскі, якую цытуе выданне, дрон знаходзіўся ў паветры каля хвіліны і праляцеў на невялікай вышыні над узлётна-пасадачнай паласой базы ў Паўночным Рэйн-Вестфаліі.
Пасля інцыдэнту ваенная паліцыя неадкладна паведаміла пра гэта цывільным праваахоўным органам. Аднак яны не змаглі высветліць падрабязнасці адносна паходжання або аператара апарата. Нягледзячы на гэта, камандаванне загадала «ўзмацніць меры бяспекі».
У чацвер прадстаўнік базы пацвердзіў, што пасля інфармацыі пра з’яўленне беспілотніка тэрыторыю вакол аб’екта ўважліва праверылі, аднак не выявілі ніякіх слядоў дрона.
Авіябаза НАТА ў Гайленкірхене мае ключавое значэнне для кантролю паветранай прасторы ўсходняга фланга Альянсу — там базуюцца разведвальныя самалёты AWACS.
З-за стратэгічнай ролі гэты аб’ект уваходзіць у пералік ваенных баз, якія Бундэсвер ахоўвае з асаблівай пільнасцю.