25 верасня 2026, Пятніца, 17:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларус Антон Варабей: ад перамогі над ракам — да срэбра чампіянату Канады

Беларус Антон Варабей: ад перамогі над ракам — да срэбра чампіянату Канады
Антон Варабей
Фота даслаў у рэдакцыю Алесь Кот

Найбольшую перамогу не заносяць у спартовыя пратаколы, але надоўга захоўваюць у чалавечай памяці.

Ёсьць людзі, пра якіх аднаго артыкула заўсёды мала. Іхнае жыцьцё можа ня мець мноства гучных падзеяў, узнагародаў і загалоўкаў. Часта яны ўвогуле ня любяць лішняй увагі і не імкнуцца ператвараць уласны шлях у прыгожую легенду. Яны проста жывуць, працуюць, церпяць, пераадольваюць выпрабаваньні і зноў становяцца да справы.

Пра Антона Вараб’я я ўжо пісаў дзевяць гадоў таму. 29 верасьня 2017 году ў «Новым Часе» быў надрукаваны мой артыкул пра Беларускага раварыста ў Канадзе, які перамог цяжкую анкалягічную хваробу і далучыўся да вялікага спорту.

У 2004 годзе, яшчэ вучнем адной з Таронцкіх школ, Антон сур'ёзна захварэў на лімфому. Некалькі месяцаў ён праходзіў хіміятэрапію, але працягваў рабіць тое, што любіў найбольш, — круціць педалі ровара. У 2005 годзе хваробу ўдалося перамагчы.

Упраўленьне школамі Таронта прысудзіла яму штогадовую прэмію «Nigel Williams Award» «За асабістую моц духа і мужнасьць», якой ушаноўваюць толькі аднаго вучня ва ўсім Таронта (насельніцтва блізу 3 млн.).

Пазьней створаны ім разам з сябрамі ўнівэрсытэцкі клюб горнага ровара тры гады запар выйграваў Кубак унівэрсытэтаў Антарыё, а сам Антон перамагаў у асабістым заліку. У 2017 годзе ён выйграў і персанальны Кубак Антарыё ў шашэйных гонках.

Тады гэтая гісторыя здавалася завершанай. Чалавек прайшоў праз выпрабаваньне, якое ламае многіх, выстаяў, вярнуўся на ровар, зноў пачаў трэніравацца і выступаць у гонках.

Здавалася, усё галоўнае ўжо сказана.

Аднак жыцьцё рэдка ставіць кропку там, дзе журналісту бачыцца канец гісторыі. У верасьні 2025 году Антону Вараб’ю споўнілася сорак гадоў. Гэтая дата прайшла без шырокага розгаласу ў Беларускім асяродку Канады, але запозьненае слова ўсё адно лепшае за маўчаньне.

Зараз, азіраючыся на пройдзены ім пасьля 2017 году шлях, разумееш: той артыкул стаўся першай часткай гісторыі. Тады гаворка ішла пра чалавека, які перамог хваробу. Сёньня хочацца расказаць, як ён распарадзіўся дараваным лёсам часам і кім стаў пасьля той галоўнай перамогі.

Дзевяць гадоў — цэлая эпоха чалавечага жыцьця. За гэты час можна пабудаваць дом, памяняць прафэсію, пачаць усё спачатку. Можна зрабіць і нешта значна цяжэйшае — захаваць вернасьць самому сабе.

Перачытаўшы свой артыкул 2017 году, я яшчэ выразьней убачыў: вярнуцца да жыцьця было толькі першым крокам. Далей трэба было знайсьці адказ на значна больш працяглае пытаньне — як жыць пасьля выпрабаваньня і які сэнс надаць кожнаму наступнаму дню.

Антон Варабей не дазволіў перажытай хваробе стаць цэнтрам сваёй біяграфіі. Яна засталася часткай ягонага жыцьця, аднак на першы плян зноў выйшлі праца, трэніроўкі, гонкі, сябры па камандзе і новыя мэты.

Пасьля 2017 году мы па-ранейшаму бачылі яго на стартах у Канадзе, у складзе «Toronto Hustle» — каманды, з гісторыяй якой аказаўся непарыўна зьвязаны і ягоны ўласны шлях.

Ад гоншчыка да кіраўніка

У вялікім спорце нават самы таленавіты гоншчык не існуе па-за камандай.

Яна вучыць, падтрымлівае, патрабуе, натхняе, часам прымушае перажыць расчараваньне і зноў сабрацца з сіламі. З гадамі для многіх яна робіцца другой сям’ёй. Гэткай супольнасьцю магло стаць для Антона Вараб’я згуртаванае асяроддзе роварыстаў. высьпела ідэя стварэння сваёй каманды ў Таронта (якой да гэтага так і не было). Яе падхапіў ягоны сябра-роварнік, будучы дэпутат гарадзкой рады Таронта Брэд Брэдфард, які ў 2017 афіцыйна і заснаваў «Toronto Hustle».

Антон, натуральна, увесь час быў побач — адзін з найбольш дасьведчаных гоншчыкаў, ён стаў фактычным кіраўніком ейнага першапачатковага спартовага складу.

Ён дапамагаў маладзейшым удзельнікам, уплываў на фармаваньне каманднага характару і сваім аўтарытэтам змацоўваў новую супольнасьць.

З часам «Toronto Hustle» вырасла з мясцовай каманды да прафэсійнага кантынэнтальнага ўзроўню. Вакол каманды стваралася асяродзьдзе ўзаемнай падтрымкі, навучаньня і адказнасьці адзін за аднаго. Тут паважалі таго, хто перасякаў фінішную рысу першым, і таго, хто сваей працай дапамагаў партнэру здабыць перамогу.

Антон працягваў выступаць, дапамагаў таварышам і назапашваў досьвед. Паступова яго ўсё часьцей успрымалі як чалавека, да якога можна зьвярнуцца па параду. Такі аўтарытэт вырастае з даверу, штодзённай працы і здольнасьці браць на сябе адказнасьць.

Калі прыйшоў час завяршаць асноўны этап прафэсійнай кар’еры, Антон застаўся ў спорце.

Назапашаны ім досьвед быў патрэбны новым пакаленьням гоншчыкаў. Ён стаў памочнікам спартовага дырэктара «Hustle Pro Cycling», удзельнічаючы ў падрыхтоўцы каманды і дапамагаючы тым, хто толькі выходзіў на вялікія старты.

Гэта быў натуральны працяг ягонага шляху. Асабісты вынік паступова саступіў месца адказнасьці за іншых, але ровар і сама гонка з Антонавага жыцьця ня зьніклі.

«CRUSH COVID»

Перад тым як Антон канчаткова ўвайшоў у новую кіраўнічую ролю, сьвет перажыў выпрабаваньне, якое раптам зрабіла безабароннымі мільены людзей.

У 2020 годзе спынілася звыклае жыцьцё: зачыняліся прадпрыемствы, пусьцелі вуліцы, адмяняліся спартовыя спаборніцтвы. Трэніроўкі пераносіліся ў гаражы, падвалы і кватэры, а сапраўдныя дарогі замянялі нерухомыя велатрэнажоры.

Менавіта тады каманда разам са сваім заснавальнікам Брэдам Брэдфардам і фондам «Michael Garron Hospital» распачала дабрачынны праект «CRUSH COVID».

Як адзін з кіраўнікоў першапачатковага складу «Toronto Hustle» і чалавек, які дапамагаў будаваць каманду ад ейных пачаткаў, Антон Варабей стаў часткай агульнай каманднай ініцыятывы, актыўна яе падтрымаў і асабіста ўдзельнічаў у 24-гадзінным маратоне.

Сутнасьць праекту была простай і надзвычай сучаснай. Людзі ў розных гарадах і краінах ставілі свае ровары на электронныя трэнажоры, падлучаныя да кампутарнай плятформы «Zwift» і цягам адных содняў далучаліся да агульнага віртуальнага заезду. Праграма зьбірала зьвесткі пра хуткасьць, магутнасьць і пройдзеную адлегласьць, а гледачы маглі назіраць за маратонам у жывой інтэрнэт-трансьляцыі. Адначасова ўдзельнікі, заўзятары і спонсары пералічвалі данаты ў фонд «Michael Garron Hospital».

Адны ўдзельнікі ехалі ўсе содні (24 гадзіны), іншыя далучаліся да асобных этапаў або складалі эстафэты. Агульнай мэтай быў збор дапамогі для людзей, якія ў самыя небясьпечныя месяцы пандэміі штодня ўваходзілі ў шпіталі, апраналі ахоўныя касьцюмы і ратавалі чалавечыя жыцьці.

Першапачаткова плянавалася сабраць 50 тысяч канадзкіх даляраў. Суму некалькі разоў павялічвалі, а вынік пераўзышоў усе чаканьні: першы маратон у красавіку 2020 году прынёс каля 250 тысяч даляраў у надзвычайны фонд «Michael Garron Hospital».

Праз год праект атрымаў назву «CRUSH COVID: Ride for Mind» і быў прысьвечаны праграмам псыхічнага здароўя. Падчас гэтага маратону маладая гоншчыца «Toronto Hustle» Люсі Гэмпстэд з Атавы праехала на стацыянарным трэнажоры 812 кілямэтраў за 24 гадзіны, перасягнуўшы папярэдні жаночы сусьветны рэкорд у 680 кілямэтраў. Другая кампанія сабрала каля 445 тысяч.

У 2022 годзе адбыўся трэці маратон, ужо ў гібрыдным фармаце — з віртуальнымі і вочнымі ўдзельнікамі. За тры гады «CRUSH COVID» і «Ride for Mind» сабралі амаль адзін мільён даляраў на дапамогу «Michael Garron Hospital» і разьвіцьцё праграмаў псыхічнага здароўя.

Праз гады мне давялося пабываць у доме мастачкі Ірыны Варабей, маці Антона.

Яна паказала пакой сына, у куце якога стаяў звычайны велатрэнажор. На ім Антон таксама правёў многія гадзіны таго незвычайнага маратону. Цяжка было ўявіць, што з гэтага пакою, разам з сотнямі падобных пакояў у розных краінах, ішла справа, якая прынесла шпіталю сотні тысячаў даляраў.

У гэтым і выявілася сапраўдная грамадзянская салідарнасьць. Яна нараджалася ў дамах звычайных людзей, калі кожны вырашаў, што таксама можа быць карысным. Спорт, які звычайна аб’ядноўвае людзей у суперніцтве, стаў сродкам аб’яднаньня ў спачуваньні і дапамозе.

Для Антона гэтая справа мела і асабісты сэнс. Калісьці лекары і мэдычны пэрсанал дапамаглі яму самому вярнуцца да жыцьця. Праз гады ён разам з паплечнікамі дапамагаў тым, хто ратаваў іншых. Удзячнасьць ператварылася ў канкрэтную справу.

Ён не забыўся, адкуль прыйшоў

Увесну 2018 году ў жыцьці Антона Вараб’я адбылася яшчэ адна важная падзея. У штаце Арызона праходзіла адна з прэстыжных шматдзенных велагонак Паўночнай Амэрыкі — «Tucson Bicycle Classic». На старт выйшлі сотні раварыстаў са Злучаных Штатаў, Канады і Мэксыкі. Антон Варабей дамогся там перамогі на другім этапе. 17 сакавіка 2018 году Антон Варабей («Toronto Hustle») выйграў 2-гі этап Tucson Bicycle Classic, а 18 сакавіка скончыў гонку другім у агульным заліку, усяго ў 9 секундах за Nickolas Zukowsky, пацьвердзіўшы, што ягонае вяртаньне пасьля цяжкай хваробы стала вяртаньнем спартоўца высокага клясу.

Аднак асаблівы сэнс гэтая перамога набыла пасьля фінішу. Антон прысьвяціў яе стагодзьдзю Беларускай Народнай Рэспублікі і напісаў: «25 сакавіка — вельмі важная дата для Беларусаў, асабліва для тых, хто пакінуў краіну і жыве за мяжой, і для тых, хто застаўся на Радзіме, памятаючы сваю спадчыну пасьля некалькіх пакаленьняў прыгнёту і дыктатуры. Гэта стагодовы юбілей барацьбы за свабоду Беларускага народу. Як доўга мы будзем памятаць і змагацца, так доўга будзе жыць дух Беларусі і надзея ізноў здабыць волю».

У хвіліну асабістага трыюмфу ён успомніў пра Беларусь. Пражыўшы шмат гадоў у Канадзе, Антон захаваў жывую сувязь з краінай, зь якой выйшаў. Напэўна, таму сябры па камандзе далі яму незвычайную мянушку — «The Most Belarusian!, «самы Беларускі» (зазначу, што Антон у камандзе адзіны беларус).

Гэтыя словы азначалі нешта большае за нацыянальнасьць, месца нараджэньня ці запіс у пашпарце. Сярод сваіх сяброў Антон асаблівым чынам захоўваў у сабе Беларусь — натуральна, без паказнасьці і патрэбы нешта камусьці даказваць. Так чалавек носіць у сэрцы бацькоўскі дом.

Сапраўдная Беларускасьць і пачынаецца з таго, што нават пасьля многіх гадоў жыцьця на чужыне чалавек працягвае адчуваць сябе часткай свайго народу. Яна праяўляецца ў словах, учынках і стаўленьні да людзей. Таму перамога Антона ў Арызоне стала для беларусаў яшчэ адным напамінам: Беларусь жыве паўсюль, дзе людзі не дазваляюць ёй зьнікнуць у саміх сабе.

Дарога працягваецца

У 2026 годзе, ужо пасьля саракагодзьдзя, Антон Варабей зноў паказаў, што ягоная дзейнасьць у кіраўніцтве каманды не азначае разьвітаньня з сапраўднай гонкай. На Чэмпіянаце Антарыё ў катэгорыі «Masters A» ён двойчы стаў срэбным прызэрам. Пры гэтым у крытэрыюме Антон і пераможца Крыс Каруана паказалі аднолькавы афіцыйны час. Іх падзяліла толькі імгненная розьніца на фінішнай рысе, якую мог вызначыць фактычна толькі фотафініш.

На наступны дзень Антон заняў 2-е месца ў 104-кілямэтровай групавой шашэйнай гонцы. За некалькі дзён да гэтага на Чэмпіянаце Канады ў Калгары Антон Варабей заняў 2-е месца ў крытэрыюме і ўвайшоў у першую чацьвёрку краіны ў групавой шашэйнай гонцы ў сваёй узроставай катэгорыі.

Такім чынам, у сорак гадоў Антон працягваў выступаць на высокім узроўні, сумяшчаючы гонкі з абавязкамі памочніка спартовага дырэктара «Hustle Pro Cycling» (у мінулым «Toronto Hustle»).

Ягоная гісторыя і сёньня ня мае выразнага фіналу. Яна пішацца ў штодзённай працы, адказнасьці, вернасьці свай справе і ў новых людзях, якім ен перадае досьвед.

Калі паглядзець на шлях Антона Вараб’я цалкам, становіцца відаць: спорт быў мовай, празь якую раскрываўся чалавек. Цяжкая хвароба ледзь не паставіла кропку ў ягоным лёсе, але пасьля яе пачалося новае жыцьцё.

Вяртаньне складалася з штодзённых трэніровак і гонкі за гонкай. Пазьней да спорту далучылася грамадзянская адказнасьць, а да асабістых стартаў — праца дзеля каманды і маладых раварыстаў.

Перажытае навучыла Антона лепш разумець іншых. Гэтая якасьць прыходзіць тады, калі чалавек сам праходзіць праз боль і захоўвае здольнасьць спачуваць.

Таму гісторыя Антона Вараб’я цікавая далёка за межамі роварнага спорту. Яна дае свой адказ на пытаньне, якое рана ці позна можа паўстаць перад кожным: што рабіць пасьля галоўнай перамогі свайго жыцьця?

Для аднаго гэта перамога над цяжкай хваробай, для другога — над адчаем, для трэцяга — пачатак новага жыцьця пасьля страты. Антон выбраў свой шлях: працягнуў жыць, працаваць і быць карысным іншым. Магчыма, менавіта гэта і стала ягонай найбольшай перамогай.

Замест апошняга слова

Працуючы над гэтым працягам, я неаднойчы шукаў нейкую асаблівую выснову, пад якой можна было б падвесьці апошную рысу. Але гэтая гісторыя паказвае, што ўсё галоўнае Антон Варабей ужо сказаў сваім жыцьцём.

У ягоных учынках ёсьць простая чалавечая лёгіка: рабіць добрую справу, калі можаш яе зрабіць; дапамагаць, калі маеш чым дапамагчы; дзяліцца сваёй перамогай і захоўваць вернасьць Бацькаўшчыне.

Некалі сябры па камандзе назвалі Антона The Most Belarusian. Літаральны пераклад — «самы Беларускі» — не перадае ўсяго сэнсу. Яны гаварылі пра чалавека, які, жывучы далёка ад Беларусі, захаваў яе ў сваім сэрцы. Ягоная Беларускасьць выяўляецца ў ягоных словах, учынках і стаўленьні да людзей.

У 2017 годзе мне здавалася, што ў гісторыі Антона Вараб’я пастаўлена апошняя кропка. Праз дзевяць гадоў стала зразумела: тая кропка была толькі коскай. Гісторыі такіх людзей працягваюцца ў новых справах і ў тых, каму яны дапамагаюць паверыць у сябе.

А пакуль хочацца сказаць: дзякуй, Антон. За прыклад таго, як можна годна прайсьці праз выпрабаваньні, захаваць чалавечнасьць і вернасьць сваёй Бацькаўшчыне, жыць так, каб ад твайго жыцьця станавілася крыху цяплей іншым.

Напэўна, гэта і есьць найбольшая перамога — яе не заносяць у спартовыя пратаколы, але надоўга захоўваюць у чалавечай памяці.

Алесь Кот, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲