Кая Каллас прапанавала новыя санкцыі супраць РФ
- 21.09.2026, 19:14
Так кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі адрэагавала на «выбары» ў Дзяржаўную думу РФ.
Вярхоўная прадстаўніца ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Каллас прапануе ўвесці санкцыі супраць асоб, якія садзейнічалі правядзенню выбараў у Дзяржаўную думу РФ на акупаваных тэрыторыях Украіны.
«Так званыя выбары ў Дзяржаўную думу сталі чарговым сур’ёзным ударам па расійскай дэмакратыі. Іх вынік ніколі не выклікаў сумненняў», – напісала Каллас у сацыяльнай сетцы X.
«Крэмль падавіў іншадумства, не дапусціў да выбараў адзіную зарэгістраваную партыю, што выступала супраць ягонай вайны ва Украіне, і не дапусціў да выбараў міжнародных назіральнікаў. Ад дэмакратычных працэдур у Расіі засталася толькі бачнасць. Я прапанавала меры супраць тых, хто садзейнічае правядзенню гэтых фіктыўных выбараў на акупаваных украінскіх тэрыторыях», – заключыла яна.
«Адзіная Расія» атрымала канстытуцыйную большасць у ніжняй палаце расійскага парламента. Паводле звестак Цэнтрвыбаркама, партыя ўлады можа разлічваць на 355 месцаў у Дзяржаўнай думе — гэта самая шматлікая фракцыя ў гісторыі «Адзінай Расіі».