Узброеныя Сілы Украіны патапілі «пірацкі» сухагруз ALFA-1
1- 29.08.2026, 14:47
- 3,446
Ён перавозіў украдзены ўкраінскі вугаль.
Уначы на 29 жніўня Сілы абароны Украіны нанеслі авіяўдары па расійскіх аб’ектах на часова акупаванай тэрыторыі Марыупаля. Пашкоджанні атрымаў сухагруз «ALFA-1», які неаднаразова выкарыстоўваўся для вывазу ўкрадзенага ўкраінскага вугалю, — пра гэта паведаміў кіраўнік Цэнтра вывучэння акупацыі Пятро Андрушчанка, піша «Дыялог».
Паводле яго слоў, сухагруз «ALFA-1», які ходзіць пад сцягам РФ, зайшоў у порт акупаванага Марыупаля ўвечары ў пятніцу, 28 жніўня. Інфармацыя пра гэта аператыўна дайшла да Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны. Уначы на 29 жніўня па расійскім судне-піраце быў нанесены авіяўдар, у выніку якога яно атрымала сур’ёзныя пашкоджанні і цалкам выйшла са строю.
Аперацыя праводзілася ў прамежку з 03:00 да 04:00 сіламі беспілотных сістэм Узброеных Сіл Украіны. Першасныя даныя пра заход судна ў порт перадалі ўкраінскія партызаны, а каардынацыяй усёй аперацыі займалася ГУР Мінабароны Украіны.
Судна «ALFA-1» і раней выкарыстоўвалася для вывазу з акупаванага Марыупаля коксавальнага вугалю, выкрадзенага расійскай акупацыйнай адміністрацыяй. Паводле звестак Службы знешняй разведкі Украіны, за 2024–2025 гады гэты карабель-пірат вывез больш за 20 тысяч тон коксавальнага вугалю. Украдзены ў Украіны вугаль Расія выкарыстоўвае як паліва для цеплавой генерацыі і патрэбаў ваеннай эканомікі.
Сухагруз «ALFA-1» зарэгістраваны ў расійскім порце Таганрог, яго дэдвейт складае 8764 тоны. Уладальнікам судна значыцца кампанія, зарэгістраваная ў часова акупаваным Данецку.