У Магілёве прадаюць вельмі незвычайную кватэру
5- 29.08.2026, 13:08
- 4,284
Яе кошт — 23 тысячы долараў.
У Магілёве прадаюць аднапакаёвую кватэру, якая, верагодна, не прыцягнула б увагі, калі б не незвычайнае дызайнерскае рашэнне. Унітаз і душавая кабіна там усталяваныя проста на кухні, а ад зоны гатавання яны аддзеленыя толькі дзверцай, падобнай да той, што бывае ў шафах-купэ. Аб'яву аб продажы размясціла мясцовае агенцтва нерухомасці «Риелтекс» на Kufar, заўважыла «Зеркало».
Кватэра размешчана ў цагляным доме 1956 года пабудовы на першым з двух паверхаў.

Агульная плошча — 18,6 квадратнага метра, з іх жылая — толькі 14,2. Плошча кухні пазначана як 4,4 «квадрата», судзячы па фота, там таксама ўсталявана паўнавартасная пліта на чатыры газавыя канфоркі.

Іранічна, што ў апісанні санвузла пазначана, што ён «раздзельны». Фармальна гэта і сапраўды так: унітаз усталяваны за рассоўнымі дзвярыма — спраўляючы патрэбу, можна адчуць сябе ўнутры шафы-купэ. А вось душавая кабіна знаходзіцца ў іншым «памяшканні» — проста на кухні.

«У кватэры ўсталяваныя якасныя вокны ПВХ, якія забяспечваюць добрую гука- і цеплаізаляцыю», — так апісваюцца вартасці нерухомасці.
Кошт кватэры — 69 781 рубель. Па курсе на 29 жніўня 2026-га гэта каля 23 тысяч долараў.
Заўважым, што існуе цэлая катэгорыя мемаў, якія высмейваюць падобныя планіроўкі кватэр. «Побач з кавамашынай. Даволі зручна, калі б вы запыталі мяне», — пажартаваў адзін з карыстальнікаў форуму Reddit, таксама ўбачыўшы прыклад унітаза, усталяванага не проста побач з кухонным гарнітурам, а прама ў ім.