29 жнiўня 2026, Субота, 19:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Заплечнік адкрываем, паказваем да дна

11
Заплечнік адкрываем, паказваем да дна
Фота: Magnifik

У такой атмасферы чакаць ад бацькоў даверу было б даволі дзіўна.

Новы навучальны год — і новая кропка напружання ў школах. Цяпер і міліцыянеры, і вартаўнікі змогуць фактычна абшукваць дзяцей, якія прыходзяць на ўрокі. Пры гэтым прысутнасць бацькоў не абавязковая.

Здавалася б, сама па сабе ідэя строгага кантролю над тым, што трапляе ў школу, не такая ўжо і дрэнная. Асабліва актуальная яна для рэгіёнаў, дзе дзецям лёгка дастаць агнястрэльную зброю і прынесці яе ў заплечніку. Для Беларусі, на шчасце, гэта не надта актуальна, ну хай сабе, можна лічыць, што прафілактыка праносу нажоў — таксама нядрэнная ідэя. У тэорыі.

Але тэорыя (па меншай меры ў Беларусі) моцна адрозніваецца ад практыкі, і таму я з цяжкасцю ўяўляю, хто будзе рады таму, што іх дзяцей цяпер можна абшукваць у школе на падставе так званага профайлінгу. Як менавіта гэты профайлінг будзе ажыццяўляцца, па якіх параметрах тыя ж класныя кіраўнікі будуць складаць спісы, каго абшукваць, — незразумела. Дзе будзе праходзіць мяжа паміж абгрунтаваным падазрэннем і стэрэатыпным мысленнем, таксама не надта зразумела.

Ну і менавіта ў Беларусі дадаецца і палітычны аспект — дзе гарантыя таго, што гэтая мера не будзе ўжывацца як метад ціску на «нежаданыя» і «няправільныя» сем’і? Мы ж жывём не ў тэорыі і выдатна ведаем, што ўлады даўно і ўпарта выкарыстоўваюць дзяцей для ціску на бацькоў. І што дзяржаўная школа ў сучаснай Беларусі — зусім не тая інстытуцыя, якая вартая даверу.

Не хачу паглыбляцца ў прапісныя ісціны, кшталту той, што масавыя фальсіфікацыі на выбарах зусім не палепшылі вобраз педагогаў як сацыяльнай групы, але ігнараваць гэты фактар было б дзіўна. І гэты фактар далёка не адзіны. Мы ж проста прывыклі па змаўчанні не давяраць сістэме, бо яна значна часцей імкнецца пакараць, чым дапамагчы.

Не дапамагла ўзмацніць давер да школ і забарона на смартфоны. Так, у 2025 годзе ў віцебскай школе хлопец зламаў у школе руку, а класнай кіраўніцы, якая павінна была б выдаць яму тэлефон, на месцы не было. У выніку яму давялося, як кажа маці, бегаць па школе ў пошуках кагосьці, хто зможа ёй патэлефанаваць. Не было ў школе і медсястры, таму ніякай дапамогі на месцы хлопец не атрымаў.

У Гомелі ў тым жа годзе, калі хлопец разбіў у школе галаву, з яго маці звязаліся толькі праз паўгадзіны пасля здарэння, патрабавалі, каб яна забрала сына дадому, і адмаўляліся выклікаць хуткую ў школу. Сітуацыя класічная — навучальныя ўстановы (амаль) заўсёды стараюцца пазбягаць таго, каб медыкі прыязджалі ў садкі і школы, і нават просяць бацькоў хлусіць, што траўма атрымана не ў школе.

У такой атмасферы чакаць ад бацькоў даверу было б даволі дзіўна. Калі сістэма найперш зацікаўленая ў абароне самой сябе, калі яна ўдзельнічае ў палітычных рэпрэсіях, навіна пра выбарачныя абшукі на ўваходзе ў школу выклікае хутчэй страх, чым удзячнасць за дадатковыя меры бяспекі. Бо як мінімум няма ніякай гарантыі, што пад выглядам пошуку небяспечных прадметаў не будуць шукаць «экстрэмісцкую сімволіку» і выконваць іншыя разнастайныя планы і пажаданні розных ведамстваў.

Кропак напружання ў адносінах паміж сем’ямі і школамі становіцца больш. Здавалася б, навошта? Але, відаць, такія прыярытэты.

Наста Захарэвіч, «Белсат»

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках