Украіна ўстанавіла рэкорд па колькасці ўдараў па расійскіх НПЗ
- 28.08.2026, 17:19
- 1,308
Узброеныя сілы Украіны абрынулі нафтаперапрацоўку ў Расіі да мінімуму за 20 гадоў.
Жнівень яшчэ не скончыўся, а Узброеныя сілы Украіны нанеслі ўжо 21 удар па расійскіх НПЗ. Гэта максімальная колькасць за каляндарны месяц, падлічыў Bloomberg: дагэтуль найбольш інтэнсіўным бамбардзіроўкам перапрацоўчы сектар падвяргаўся ў маі (17) і ліпені (18). У выніку цэны на бензін з сярэдзіны жніўня зноў пачалі расці пасля двухтыднёвай перадышкі ў першай палове месяца, а на аўтазапраўкі вярнуліся даўжэзныя чэргі — у тым ліку ў Маскве, забеспячэнню якой улады надаюць прыярытэт.
З-за ўкраінскіх атак з пачатку жніўня спыніліся шэсць НПЗ з ліку найбуйнейшых у краіне, апошнім стала прадпрыемства «Лукойла» «Ніжагароднафтааргансінтэз» (НОРСІ). З улікам гэтага, паводле даных Reuters, у «Лукойла» перасталі працаваць усе асноўныя нафтаперапрацоўчыя заводы.
У выніку нафтаперапрацоўка ў Расіі цяпер знаходзіцца на найніжэйшым узроўні больш як за 20 гадоў, паводле даных EA Analytics: сярэднясутачны аб’ём у жніўні склаў 3,8 млн. У папярэднія гады ў гэты перыяд, які характарызуецца падвышаным попытам з-за сезона адпачынкаў і жніва, Расія перапрацоўвала 5,3–5,5 млн барэляў у суткі.
Вытворчасць бензіну і яго пастаўкі на ўнутраны рынак за першыя тры тыдні жніўня ўпалі амаль на 20% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, расказаў Bloomberg чалавек, знаёмы з дадзенымі. Выпуск дызельнага паліва скараціўся на 23%, але пастаўкі на рынак зменшыліся толькі на 3% дзякуючы забароне на экспарт, уведзенай на пачатку лета.