СМІ: Падарваны падпалкоўнік 6-й Ленінградскай арміі ВКС Расіі
1- 27.08.2026, 17:59
- 1,350
Гэта падраздзяленне ўдзельнічае ў баявых дзеяннях супраць Украіны з першых дзён вайны.
У чацвер, 27 жніўня, у Санкт-Пецярбургу прагрымеў выбух, у выніку якога загінуў падпалкоўнік 6-й Ленінградскай арміі ВКС Расіі. Асоба вайскоўца пакуль не раскрываецца, аднак вядома, што гэтае ваеннае злучэнне прымае непасрэдны ўдзел у вайне супраць Украіны. Пра тое, што адбылося, паведаміў рэсурс «ВЧК-ОГПУ», які звязваюць са спецслужбамі РФ.
Інцыдэнт адбыўся ў мікрараёне Славянка — раёне, першапачаткова пабудаваным для рассялення вайскоўцаў.
Паводле звестак выдання, падпалкоўнік разам з жонкай сеў у аўтамабіль, і ў момант пачатку руху прагрымеў выбух — выбуховае прыстасаванне было закладзена пад днішча машыны ў раёне вадзіцельскага сядзення. Пасля дэтанацыі аўтамабіль па інерцыі праехаў яшчэ каля 20 метраў.
У выніку выбуху вайсковец загінуў на месцы, а ягоная жонка атрымала раненні ног. Паводле наяўнай інфармацыі, жанчыну шпіталізавалі ў стане шоку.
Расійскія ўлады і падкантрольныя ім СМІ пакуль не раскрываюць ні асобу, ні пасаду загінулага вайскоўца.
Нагадаем, 6-я армія ВКС Расіі ўдзельнічае ў баявых дзеяннях супраць Украіны з першых дзён паўнамаштабнага ўварвання ў 2022 годзе. Гэта аператыўнае аб’яднанне адказвае за авіяцыйнае прыкрыццё і супрацьпаветраную абарону паўночна-заходняга рэгіёна Расіі. Менавіта самалёты гэтага злучэння рэгулярна наносяць удары па ўкраінскіх гарадах кіраванымі і карэктаванымі авіябомбамі (КАБ і ФАБ), а таксама забяспечваюць прыкрыццё паветранай прасторы.