Брытанскі палкоўнік: мабілізацыя абярнецца для Пуціна тысячамі новых «хлопчыкаў у цынку»
1- 25.08.2026, 23:19
Да гэтага часу дыктатару РФ удавалася засцерагаць свой «сярэдні клас» ад вайны.
Мабілізацыя 300 тысяч чалавек, якую рыхтуюцца правесці ў Расіі, можа пакласці канец вайне, але не так, як сабе ўяўляе расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін. Пра гэта ў калонцы для The Telegraph напісаў палкоўнік брытанскай арміі Хэміш дэ Брэттан-Гордан.
Ён піша, што новая хваля мабілізацыі можа паўтарыць гісторыю Афганскай вайны ў СССР, калі дадому вярталі тысячы загінулых прызыўнікоў — «хлопчыкаў у цынку». Тады маці расійскіх салдат выходзілі ў маршы да Крамля, патрабуючы вярнуць іх дадому. «Цынкавыя труны, што вярталіся з Афганістана, гора і гнеў, якія яны выклікалі, сталі важным фактарам не толькі ў заканчэнні вайны, але і ў распадзе Савецкага Саюза», — піша аўтар.
Пры гэтым аўтар дадаў, што цяперашняя вайна Расіі супраць Украіны ўжо забрала значна больш ахвяр. Але ў Расіі яна не выклікае асаблівых пратэстаў. Прычынай гэтага ён лічыць тое, што дагэтуль «Путіну ўдавалася пазбягаць адпраўкі на фронт прызыўнікоў рускага паходжання супраць іх волі»:
«Расійскае войска папаўнялася палоннымі, наймітамі, прадстаўнікамі этнічных меншасцяў і мужчынамі з бедных рэгіёнаў, якіх прываблівалі заробкі, надзвычай высокія паводле расійскіх меркаў, або абяцанне вызвалення з турмы».
Такія людзі, адзначыў ён, сталі «расходным матэрыялам» для жыхароў Масквы і Пецярбурга.
Таксама ён піша, што акупацыйнае расійскае войска дрэнна забяспечанае, салдаты церпяць ад холаду і голаду, іх падвяргаюць жорсткім пакаранням, каб яны пайшлі на поле бою.
«Гэта мясарубка, што праглынае маладых людзей з прамысловай хуткасцю», — так ён ахарактарызаваў пуцінскую армію.
Калі ў такую армію мабілізаваць сотні тысяч мужчын з больш заможных сем'яў, гэта можа кардынальна змяніць палітычную сітуацыю ў РФ. Магчыма, упершыню вайну адчуюць і ва ўмоўным расійскім «сярэднім класе».
«Раптам на смерць на Данбас можа быць накіраваны не сын якой-небудзь чачэнскай або татарскай маці, не вызвалены з турмы злачынца і не замежны найміт. Гэта могуць быць іх уласныя сыны», — дадаў ён.
У гэтым, лічыць аўтар, і палягае рэальная небяспека для Пуціна. Таму расійскі дыктатар стаіць «перад няпростым выбарам»: працягваць вайну або прызнаць правал.
«Пуцін, падаецца, верыць, што калі ён проста здолее перачакаць Украіну і яе саюзнікаў, перамога неяк прыйдзе сама па сабе — з знясілення», — дадаў эксперт і падкрэсліў, што еўрапейскія саюзнікі па-ранейшаму павінны забяспечваць Украіну зброяй, каб яна працягвала супрацьстаяць Расіі.