У Беларусі выявілі цэлае поле дзікарастучай каноплі
6- 25.08.2026, 22:23
- 1,854
Стыхійную плантацыю раздушылі трактарам.
У Пінскім раёне выявілі вялікае поле з забароненай культурай. Падрабязнасці расказалі ў тэлеграм-канале УУС Брэсцкага аблвыканкама.
Праваахоўнікі разам з супрацоўнікамі аддзялення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Пінскага ГАУС знішчылі значныя аб’ёмы дзікарастучай каноплі.

На плошчы амаль у гектар раслі 55 т забароненай расліны. Для знішчэння прыцягнулі адразу два трактары бліжэйшага сельскагаспадарчага прадпрыемства.
«Такі аб’ём знішчанай расліннай сыравіны стаў рэкордным для Піншчыны», – адзначылі ў міліцыі.
Усяго за 2026 год у раёне знайшлі 20 месцаў росту раслін, забароненых да культывавання. Актыўную дапамогу аказваюць самі мясцовыя жыхары.

Атрыманыя звесткі правяраюцца, пасля чаго на ўчастак накіроўваюцца супрацоўнікі міліцыі, а ў разе неабходнасці – і тэхніка, якая знішчае пасевы раслін, забароненых да культывавання.