УСУ знішчылі два расійскія знішчальнікі
- 23.08.2026, 15:21
- 1,026
«Мадзяр» распавёў пра шэраг цэляў, паражаных украінскімі дронамі.
Сілы беспілотных сістэм УСУ паразілі 14 расійскіх ваенных цэляў, сярод якіх два знішчальнікі, ударна-разведвальны беспілотнік, радыёлакацыйныя станцыі і сродкі супрацьпаветранай абароны. Пра гэта паведамляе камандуючы Сіламі беспілотных сістэм Украіны Роберт «Мадзяр» Броўдзі.
Па яго словах, 11 з 14 цэляў былі паражаныя ў Растоўскай вобласці і Краснадарскім краі РФ, яшчэ тры — на часова акупаванай тэрыторыі Крыму. У прыватнасці, у Віцязеве Краснадарскага краю украінскія вайскоўцы паразілі знішчальнікі Су-33 і МіГ-29, а таксама ўдарна-разведвальны беспілотнік «Арыён».
Акрамя таго, пад удары патрапілі восем расійскіх радыёлакацыйных станцый. Ідзе гаворка пра дзве РЛС «Неба-У», дзве «Каста 2Е2», дзве «Падлёт», а таксама станцыі 36Д6М і «СТ-68». Частка з іх была размешчаная на тэрыторыі часова акупаванага Крыму.
Сілы беспілотных сістэм таксама атаквалі расійскія сродкі СПА. У Пудовым Растоўскай вобласці быў паражаны ЗРК «Тор», у Ейску Краснадарскага краю — зенітны ракетна-гарматны комплекс «Панцыр-С1». У Геленджыку пад удар трапіла пазіцыя ЗРК С-400 «Трыумф».
Нагадаем, раней Сілы беспілотных сістэм паведамлялі, што з пачатку ліпеня ў межах аперацыі «Крымскі рубільнік off» было паражана 267 аб’ектаў энергетычнай інфраструктуры акупантаў. Акрамя таго, у межах аперацыі «МоЛоЧКа» украінскія беспілотнікі паразілі 242 судна, з іх 134 — у Азоўскім і 108 — у Чорным моры.
Камандуючы Сіламі беспілотных сістэм Роберт Броўдзі папярэджваў, што Расія будзе нарошчваць тактыку масіраванага тэрору супраць грамадзянскага насельніцтва Украіны. У той жа час, па яго словах, Сілы абароны працягваюць «вяртаць вайну» на тэрыторыю РФ, наносячы ўдары па аб’ектах, што забяспечваюць расійскую ваенную машыну.