21 жнiўня 2026, Пятніца, 20:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Forbes уключыў двух беларусаў у топ самых багатых імігрантаў у ЗША

Forbes уключыў двух беларусаў у топ самых багатых імігрантаў у ЗША

У спісе — Дзяніс Ярац і Ігар Тульчынскі.

Амерыканскі часопіс Forbes абнавіў рэйтынг самых багатых імігрантаў, якія жывуць у ЗША. Сёлета ў спіс увайшлі 144 чалавек, а іх сумарны капітал ацэньваецца ў 2,2 трыльёна долараў. Для параўнання, годам раней у рэйтынгу было 125 чалавек з сукупным капіталам у 1,3 трыльёна долараў, піша Office Life.

Сярод цяперашніх удзельнікаў рэйтынгу — адразу два беларусы: сузаснавальнік і тэхнічны дырэктар ШІ‑стартапу Perplexity Дзяніс Ярац і заснавальнік інвестыцыйнага фонду WorldQuant Ігар Тульчынскі.

Дзяніс Ярац заняў 97‑е месца. Яго капітал Forbes ацаніў у 2,1 мільярда долараў.

Ярац нарадзіўся ў Гомелі і атрымаў адукацыю ў БДУ, дзе вывучаў матэматыку і камп’ютарныя навукі. У 2008 годзе ён дайшоў да еўрапейскага фіналу спаборніцтва Google Code Jam, які праходзіў у Цюрыху. Пазней працаваў інжынерам у Microsoft, дзе займаўся пошукавай сістэмай Bing, а таксама ўдзельнічаў у развіцці сэрвісу Quora. Да стварэння Perplexity ён быў навуковым супрацоўнікам у Facebook AI Research.

У 2022 годзе Ярац разам з двума амерыканскімі партнёрамі заснаваў Perplexity — кампанію, якая распрацоўвае альтэрнатыву традыцыйным пошукавым сістэмам. Стартап прыцягнуў першыя інвестыцыі ўжо ў год заснавання. Паводле Forbes, у 2025 годзе ацэнка кампаніі дасягнула 20 мільярдаў долараў. Сярод яе інвестараў — Джэф Безас і Крыштыяну Раналду.

Другі беларус у спісе — Ігар Тульчынскі. Ён заняў 113‑е месца, а яго капітал ацэньваецца ў 1,7 мільярда долараў.

Тульчынскі нарадзіўся ў Беларусі ў 1966 годзе, а ў 1977‑м разам з бацькамі эміграваў у ЗША. Ён вучыўся ў Тэхаскім універсітэце ў Осціне, а потым скончыў бізнес‑школу Пенсільванскага ўніверсітэта.

Сваю кар’еру Тульчынскі пачаў у AT&T, затым працаваў у Interactive Brokers, а пазней перайшоў у хедж‑фонд Millennium, заснаваны мільярдэрам Ізі Энгландэрам.

У 2007 годзе ён заснаваў інвестыцыйны фонд WorldQuant. Цяпер кампанія кіруе актывамі прыкладна на 17 мільярдаў долараў, у тым ліку 7 мільярдамі долараў у якасці кансультанта для хедж‑фонду Millennium.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках