Сабака па мянушцы Дон дапамог латвійскім памежнікам затрымаць нелегалаў, якія прарваліся з Беларусі
1- 21.08.2026, 19:45
Сабака ішла па слядах шэсць гадзін.
У Латвіі затрымалі сямёх замежнікаў, якія незаконна перасеклі мяжу з боку Беларусі. Пра гэта паведаміла Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.
Парушальнікі перасеклі латвійскую мяжу познім вечарам 19 жніўня. На месца меркаванага пераходу неадкладна выехалі латвійскія і літоўскія памежнікі. Ужо праз 10 хвілін пасля пачатку пошукаў службовы сабака па мянушцы Дон выявіў сляды тых, каго шукалі, — стала зразумела, што група прасоўваецца ўглыб тэрыторыі Латвіі.

Пошукі зацягнуліся на некалькі гадзін і праходзілі праз густыя лясы, лугі, забалочаныя ўчасткі і цяжкапраходныя балоты. У неба таксама паднялі беспілотнік Арміі Латвіі, аднак з-за шчыльнай расліннасці выявіць людзей з паветра не ўдалося.
Усяго памежнікі ішлі па слядах парушальнікаў каля шасці гадзін, пераадолеўшы за гэты час каля 12 км.
«Каля 2:30 ночы дзякуючы службоваму сабаку ўдалося знайсці сямёх мужчын, якія незаконна перасеклі дзяржаўную мяжу Латвіі. На той момант яны знаходзіліся ў надзвычай цяжкапраходнай балотнай мясцовасці», — расказалі ў літоўскай памежнай службе.
Усе сямёра замежнікаў не аказалі супраціву і не спрабавалі ўцячы. Іх затрымалі і перадалі латвійскім уладам.