«Колькі самалётаў мы недалічыліся»
- 21.08.2026, 16:53
- 1,810
Крамлёўскі прапагандыст прызнаў бяссілле арміі РФ перад мостам у Затоцы.
Z-прапагандыст Віктар Баранец, адказваючы на заклік «ударыць як мае быць» па Украіне, заявіў, што нават знішчэнне моста ў Затоцы Узброеным Сілам Расіі не па сілах.
Адкрытую заяву Z-патрыёт зрабіў у эфіры прапагандысцкай перадачы «Пункт гледжання», перадае Dialog.UA.
Мост у Затоцы (Адэская вобласць) мае стратэгічнае значэнне, бо злучае паўночную і паўднёвую часткі вобласці. Расійская армія 12 разоў спрабавала яго знішчыць, але так і не дабілася ніякага выніку, прызнаў Баранец.
Паводле яго, у гэтым раёне занадта сур’ёзная сістэма СПА, з-за якой УС РФ страцілі вялікую колькасць баявой авіяцыі. А авіяўдары з вялікіх адлегласцяў бескарысныя, бо КАБы не вылучаюцца высокай дакладнасцю.
- Ну вось мост у Затоцы… У нас было каля 12 атак… Вось апошняя атака — пашкодзілі толькі аўтамабільную частку, чыгуначная засталася. А каб залатаць аўтамабільную частку, там спатрэбіцца некалькі гадзін. Паглядзіце, чым білі: авіяцыя біла, БЭКі білі, беспілотнікі білі, нашы дыверсійныя групы таксама спрабавалі падкрасціся.
Я не хачу, і вы разумееце чаму, распавядаць, колькі самалётаў-бамбардзіроўшчыкаў мы недалічыліся, у якіх было заданне разбамбіць мост у Затоцы.
Гэта вам яшчэ адзін адказ на пытанне некаторых абывацеляў, якія з’едліва жартуюць з нагоды таго, чаму не можам. Ды не ўсё так проста! Бо над Затокай стаіць вельмі сур’ёзная сістэма СПА… Я гаварыў з лётчыкамі. Яны спрабавалі скінуць бомбы. Запускалі з адлегласці 100 км. Пакуль бомба далятала да моста, яна плюхалася ў ваду на адлегласці 250–300. Гэта таксама вялікая праблема! — распавёў Баранец.