У Расіі гарыць завод аднаго з найбуйнейшых вытворцаў выбуховых рэчываў
3- 19.08.2026, 8:10
- 6,134
Прадпрыемства мае больш чым стогадовую гісторыю і знаходзіцца пад санкцыямі некалькіх краін.
У ноч на 19 жніўня беспілотнікі масіравана атакавалі Дзяржынск у Ніжагародскай вобласці. Паводле папярэдніх дадзеных OSINT-аналізу, крыніца маштабнага задымлення над горадам — тэрыторыя абаронна-хімічнага завода імя Свердлава.
Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал ASTRA.
Відавочцы ў Дзяржынску ўначы публікавалі кадры масіраванай атакі дронаў і густога дыму над горадам.
Паводле аналізу фатаграфій, які правялі ў ASTRA, крыніца задымлення з высокай верагоднасцю знаходзіцца менавіта на тэрыторыі завода выбуховых рэчываў імя Свердлава — гэта прыблізна ў пяці кіламетрах ад шматкватэрнага дома, які раней быў пашкоджаны беспілотнікам.
Завод імя Свердлава — горадаўтвараючае прадпрыемства Дзяржынска і частка ваенна-прамысловага комплексу Расіі. Гэта адзін з найбуйнейшых вытворцаў выбуховых рэчываў у краіне з больш чым стогадовай гісторыяй.


Прадпрыемства знаходзіцца пад санкцыямі Украіны, Еўрапейскага саюза, ЗША, Вялікабрытаніі, Японіі і Швейцарыі — у прыватнасці, за падтрымку дзеянняў, якія пагражаюць тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту Украіны.
Гэта не першы выпадак, калі завод трапляе пад удар украінскіх дронаў — у прыватнасці, падобная атака ўжо адбывалася 30 красавіка.
15 жніўня Узброеныя сілы Украіны паразілі адно з ключавых прадпрыемстваў «Раскасмаса» — ракетна-касмічны цэнтр «Прагрэс» у Самары, а таксама аэрадром «Саваслейка» ў Ніжагародскай вобласці, да якога ракеты ляцелі каля 900 кіламетраў. У той жа дзень у рэгіёне гучалі магутныя выбухі, і менавіта «Саваслейка» стала адной з мэт.