Індыя ўжо 52 гады спрабуе стварыць уласны танк
1- 28.07.2026, 15:55
- 1,434
Цяпер праграма ўперлася ў нямецкія кампаненты.
Індыйская праграма стварэння ўласнага асноўнага баявога танка «Arjun», якая пачалася яшчэ ў 1974 годзе, сутыкнулася з новай сур'ёзнай праблемай. Праз 52 гады пасля запуску праекта масавая вытворчасць мадэрнізаванай версіі «Arjun Mk-1A» зноў адкладаецца з-за адсутнасці ключавога кампанента — нямецкага рухавіка, піша 19FortyFive (пераклад — сайт Charter97.org).
Першапачаткова Індыя разлічвала пачаць выпуск танка ўжо ў 1984 годзе. Аднак да цяперашняга часу армія набыла толькі 124 машыны базавай версіі, а пастаўкі 118 мадэрнізаваных танкаў, замоўленых у 2021 годзе, так і не пачаліся.
Прычынай затрымкі стаў рухавік MTU MB 838 нямецкай вытворчасці. Яго выпуск даўно спынены, а вытворца заявіў, што на аднаўленне вытворчай лініі спатрэбіцца не менш за чатыры гады.
Сам танк мае выдатныя характарыстыкі. Падчас параўнальных выпрабаванняў у 2010 годзе «Arjun», як паведамлялася, не ўступаў, а па шэрагу паказчыкаў пераўзыходзіў расійскі Т-90, уключаючы дакладнасць стральбы і праходнасць. Машына абсталяваная 120-мм гарматай, сучаснай сістэмай кіравання агнём і магутнай камбінаванай браняй.
Аднак поспехі на выпрабаваннях не вырашылі іншых праблем. Маса мадэрнізаванага танка дасягнула 68 тон, што ўскладняе яго перавозку па чыгунцы, пераадоленне мастоў і выкарыстанне па-за межамі пустынных раёнаў.
«Адзін імпартны кампанент кантралюе пастаўку гатовага ўзбраення», — падкрэсліваюць аўтары. На іх думку, менавіта залежнасць ад замежнай сілавой устаноўкі стала галоўнай перашкодай для праграмы, якая пазіцыянавалася як сімвал абароннай незалежнасці Індыі.
«Нягледзячы на распрацоўку ўласнага рухавіка магутнасцю 1500 конскіх сіл, улады пакуль не абвясцілі пра яго гатоўнасць да эксплуатацыі», — піша выданне. Стварэнне сучасных узбраенняў патрабуе не толькі ўласнага корпуса і электронікі, але і цалкам незалежнай вытворчай базы для ўсіх крытычна важных кампанентаў.