ВНУ Беларусі сутыкнуліся з масавым недаборам
4- 28.07.2026, 15:52
- 3,082
На асобных спецыяльнасцях не набралі нават паловы студэнтаў.
Сітуацыя з паступленнем у медыцынскія ВНУ шакавала беларусаў, бо конкурсу там амаль не было. Мы вырашылі паглядзець шырэй: куды яшчэ сёлета беларускія абітурыенты асабліва не імкнуліся? Высветлілася, што недабор — гэта не толькі пра медыцыну. У шэрагу тэхнічных, прыродазнаўчых і аграрных спецыялінасцяў канкурэнцыя аказалася яшчэ ніжэйшая — на некаторыя не назбіралі нават паловы патрэбных заяў, а дзе-нідзе дакументы не падалі ўвогуле, піша «Белсат».
На сёння яшчэ не ўсе ВНУ вывесілі табліцы з данымі аб наборы абітурыентаў. Таму поўная карціна пакуль да канца не зразумелая. Каб запоўніць прабелы, мы карысталіся данымі маніторынгу, размешчанымі на партале kudapostupat.by, які сам сябе апісвае як «даведачны». Але нават гэтыя папярэднія лічбы даволі красамоўна паказваюць тэндэнцыю.
Варта таксама адразу развесці дзве розныя рэчы, якія лёгка зблытаць. Першая — сапраўдны недабор, калі на спецыяльнасць проста не стае ахвотных, і месцы застаюцца пустымі. Другая — нізкі парог балаў пры тым, што конкурс фармальна ёсць. Гэта значыць, што абітурыенты падаюцца, але з вельмі слабой падрыхтоўкай, і ў выніку на спецыяльнасць бяруць практычна ўсіх. Прыкметна, што абодва гэтыя варыянты сустракаюцца ў зводках па цяперашняй падачы дакументаў, але ў розных месцах.
Дзе месцы проста пуставалі
Так, у БНТУ на спецыяльнасць «Вытворчасць будаўнічых вырабаў і канструкцый» пры 8 бюджэтных месцах не было пададзена ніводнай заявы: конкурс — 0, хоць яшчэ летась сюды паступалі абітурыенты з 316 баламі.
Нядалёка ад гэтага паказчыка аказаліся спецыяльнасці «Пад’ёмна-транспартныя машыны, ліфты, машыны бесперапыннага транспарту» (усяго 4 заявы на 25 месцаў, конкурс 0,16), «Аўтаматызаваныя судны» (5 на 20, 0,25), «Цеплавыя электрычныя станцыі» (9 на 34, 0,26), «Трактары і мабільныя комплексы» (7 на 18, 0,39).
Пры гэтым варта адзначыць, што спецыяльнасць «Інжынерна-педагагічная дзейнасць (машынабудаванне)» правальвалася і летась: тады прахадны бал склаў усяго 197 з 400, сёлета конкурс зноў ніжэй за адзінку (0,83).
У БДУІР, галоўнай IT-ВНУ краіны, шалёны попыт на праграмаванне суіснуе з правалам на «апаратных» інжынерных спецыяльнасцях: «Нанатэхналогіі і нанаматэрыялы» — 6 заяў на 28 месцаў (0,21), «Звышвысокачашчынныя сістэмы» — 6 на 25 (0,24), «Электроннае машынабудаванне» — 8 на 22 (0,36), «Кіберфізічныя сістэмы» — 38 на 70 (0,54).
У БДУ — нізкія паказчыкі на прыродазнаўчых напрамках: «Хімія (навукова-педагагічная дзейнасць)» — 13 заяў на 30 месцаў (0,43), «Механіка і матэматычнае мадэляванне» — 9 на 20 (0,45), «Радыёфізіка і інфармацыйныя тэхналогіі» — 69 на 91 (0,76). Нават «Фізіка» і «Фундаментальная фізіка» не дабіраюць да плана (26 з 30 і 28 з 30 адпаведна).

У БДТУ падобная сітуацыя ў хіміка-тэхналагічнай сферы: «Тэхналогія шкла, керамікі і вяжучых матэрыялаў» — 18 заяў на 40 месцаў (0,45), «Хімічная тэхналогія энерганасычаных матэрыялаў і вырабаў» — 15 на 25 (0,60), «Тэхналогія і перапрацоўка біяпалімераў» — 18 на 30 (0,60).
У БДПУ імя М. Танка на спецыяльнасць «Фізіка-матэматычная адукацыя (фізіка і інфарматыка)» было пададзена 21 заява на 25 месцаў (0,84), але гэта не навіна, бо летась таксама залічылі ўсіх, хто падаўся, без конкурсу.
Дзе балы нізкія, а ахвотных хапае
А вось з аграрнымі спецыяльнасцямі гісторыя іншая. У БДАТУ на «Аграбізнес» падалі 58 заяў пры плане ў 40 месцаў — конкурс 1,45, то-бок ахвотных больш, чым месцаў. Але праблема, відаць, не ў попыце, а ў якасці: парог балаў склаў менш за 100 з 400 магчымых, а гэта значыць, было дастаткова падаць дакументы амаль з любым вынікам ЦТ.
Падобна і на «Тэхнічным забеспячэнні захоўвання і перапрацоўкі сельгаспрадукцыі» (конкурс 1,41, балы 121–125) і «Тэхнічным забеспячэнні вытворчасці сельгаспрадукцыі» (1,23, 126–130).
Тое самае адбылося і ў БДУ з матэматыкай: балы там выраслі з 262 да 350+ (пра гэта шмат пісалі як пра поспех), але фактычны конкурс — усяго 0,97 чалавека на месца. Высокі бал тут не сведчыць пра ажыятаж: проста падаліся амаль выключна моцныя абітурыенты, а слабых на матэматыку і раней не цягнула.
Такая ж тэндэнцыя відаць і ў медыцынскіх ВНУ, пра якія мы ўжо пісалі асобна. У Віцебскім медуніверсітэце прахадны на педыятрычны факультэт упаў да 240 балаў — летась было 352. У БДМУ на медыка-прафілактычнай справе асноўная маса залічаных мела 221–225 балаў, і гэта вельмі нізкі ўзровень нават па мерках гэтага, найменш папулярнага сярод медыцынскіх, факультэта.

Дадатковы набор ужо абвясцілі
Пра тое, што частка месцаў насамрэч засталася незапоўненай, сведчыць і фармальны факт: у шэрагу ўстаноў ужо абвясцілі дадатковы набор, а гэта заўсёды азначае, што на асноўным этапе бюджэт закрыць не ўдалося. Сярод іх — Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь (у тым ліку факультэт супрацьпаветранай абароны і ваенныя навучальныя ўстановы Расіі — у інтарэсах Узброеных Сіл Беларусі), Віцебская дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны і Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія (мэтавы набор).
Гэты спіс, хутчэй за ўсё, яшчэ будзе папаўняцца і, судзячы па карціне вышэй, у першую чаргу за кошт тэхнічных, аграрных і ветэрынарных спецыяльнасцяў.