Рэжысёр Андрэй Кудзіненка пакінуў Беларусь
- 27.07.2026, 8:59
- 3,066
Да яго з вобшукам прыйшлі КДБ і АМАП.
КДБ і АМАП прыйшлі з вобшукам да рэжысёра Андрэя Кудзіненкі. Ён быў вымушаны ўцячы з Беларусі. Пра гэта паведаміў сябар Кудзіненкі, дырэктар фестывалю беларускіх фільмаў Bulbamovie Януш Гаўрылюк.
Паводле слоў Гаўрылюка, беларускія ўлады абвінавацілі Андрэя Кудзіненку ў «экстрэмізме». Падчас вобшукаў у яго кватэры і ў кінашколе ўдзельнічалі восем супрацоўнікаў АМАПа і двое супрацоўнікаў КДБ. Вобшукі цягнуліся 15 гадзін. У Кудзіненкі забралі пашпарт і тэлефон. Усе мэсэнджары і акаўнты Андрэя ў сацыяльных сетках цяпер знаходзяцца пад кантролем КДБ. Рэжысёру сказалі, што яму пагражае ад 8 да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Андрэй Кудзіненка вядомы сваімі мастацкімі фільмамі «Акупацыя. Містэрыі» (2004), які, нягледзячы на міжнароднае прызнанне, быў на некалькі гадоў забаронены Міністэрствам культуры, і «Масакра» (2010). Першы распавядае пра жыццё ў акупаванай нацыстамі Заходняй Беларусі. Другі заснаваны на навэле Проспера Мерымэ пра мядзведзя-пярэваратня «Локіс». У другой палове 2000-х ён працаваў у Расіі, у тым ліку ў камандзе Паўла Лунгіна.