Расія атакавала судна з кукурузай у Чорным моры
2- 25.07.2026, 21:36
- 1,550
Ёсць параненыя і зніклыя без вестак.
У суботу, 25 ліпеня, расійская акупацыйная армія двойчы атакавала замежнае цывільнае судна дронамі паблізу Адэсы. Пацярпелі як мінімум 7 чалавек.
Як паведаміў начальнік Адэскай абласной ваеннай адміністрацыі Алег Кіпер, РФ працягвае атакі на цывільнае суднаходства ў Чорным моры.
«Варожыя БПЛА двойчы нанеслі ўдары па цывільным гандлёвым судне пад сцягам Палау, якое следавала з грузам кукурузы. Падчас першага ўдару былі зафіксаваныя пашкоджанні верхняй палубы і грузавога трюма. У выніку паўторнага ўдару адбылося ўзгаранне надбудовы», — распавёў чыноўнік.
Паводле папярэдніх даных, пацярпелі 7 чалавек. Экіпаж і лоцман эвакуяваныя на бераг сіламі ВМС ЗСУ. Лёс яшчэ двух чалавек невядомы, дадаў ён.
Цяпер працягваецца пошукава-выратавальная аперацыя.
Як удакладніла прэс-сакратарка Адэскай абласной пракуратуры Інна Верба, сярод пацярпелых — члены экіпажа і ўкраінскі лоцман.
Паводле даных Міністэрства аднаўлення Украіны, інфраструктуры і транспарту Украіны, судна было атакавана падчас выхаду з порта Адэскай вобласці, на яго борце знаходзілася амаль 2,8 тысячы тон кукурузы.