Зяленскі: КНДР вышле Пуціну яшчэ 30 тысяч салдат
- 25.07.2026, 21:17
- 1,648
У Расіі ўжо рыхтуюцца да прыёму новага падмацавання.
Расія хоча атрымаць яшчэ 30 тыс. вайскоўцаў з Паўночнай Карэі і ўжо пачала падрыхтоўку да іх прыёму.
Пра гэта паведаміў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, каментуючы супрацоўніцтва РФ з Паўночнай Карэяй.
«Расія хоча атрымаць яшчэ 30 тысяч вайскоўцаў з Паўночнай Карэі: ужо з чэрвеня ў Варонежскай вобласці рыхтуюцца да іх прыёму. Таксама Паўночная Карэя рыхтуецца перадаць Расіі новыя пускавыя ўстаноўкі для балістычных ракет», — агучыў дэталі прэзідэнт.
Ён дадаў, што, у сваю чаргу, Расія дапамагае Паўночнай Карэі вучыцца весці вайну.
«Расія дапамагае Паўночнай Карэі вучыцца весці вайну, удасканальвае іх узбраенне — дае ім досвед рэальнага выкарыстання зброі. Усё гэта ўяўляе пагрозу для кожнага ў Азіі, хто знаходзіцца ў зоне дасяжнасці паўночнакарэйскіх ракет», — адзначыў кіраўнік Украіны.
Зяленскі раскрыў планы расіян на восень
Ён адзначыў, што расіяне па-ранейшаму плануюць ваяваць, і ніякага заключэння міру ў іх бліжэйшых планах няма:
«У нас ёсць даклады разведкі пра расійскія планы на восень. Чаго там няма — дык гэта міру. Пакуль няма. Пуцін рыхтуе ўмовы для пашырэння мабілізацыі».
Зяленскі прывёў лічбы расійскіх страт за 7 месяцаў гэтага года, згодна з якімі ў шэрагі расійскіх узброеных сіл паступіла 221 тыс. чалавек, а страты склалі амаль 225,5 тыс. чалавек, з якіх 131 тыс. — забітыя, амаль 93 тыс. — параненыя.
«Значная колькасць раненняў — цяжкія, бо ў расіян зусім дрэнная франтавая медыцына», — падкрэсліў Зяленскі.
Прэзідэнт папярэдзіў, што расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін рыхтуецца адпраўляць новых расіян на вайну, хоць і маскіруе гэта іншымі словамі, сігналамі, але рыхтуецца.
«Важна, каб мы разам з партнёрамі здолелі аказаць на Расію дастатковы ціск, каб думкі пра спыненне гэтай агрэсіі сталі дамінаваць — думкі пра мір, а не пра дадатковую расійскую мабілізацыю. Нашы далёкабойныя аперацыі, нашы ўдары па інфраструктуры гэтаму спрыяюць. Усё больш расіян заўважаюць пуцінскую вайну, нясуць ад яе страты і лічаць, што вайну не трэба зацягваць», — падсумаваў прэзідэнт Украіны.