Расія працягне забарону на экспарт бензіну да канца года
- 25.07.2026, 19:09
Абмежаванні на вываз дызельнага паліва будуць адмененыя па меры аднаўлення рынку.
Расія працягне забарону на экспарт бензіну да канца года, а забарона на экспарт дызельнага паліва будзе адмененая «па меры аднаўлення рынку».
Пра гэта заявіў віцэ-прэм'ер Расіі па пытаннях паліўнай прамысловасці Аляксандр Новак, паведаміла расійскае прапагандысцкае агенцтва ТАСС.
Раней пра тое, што ўлады РФ абмяркоўваюць магчымасць падаўжэння забароны на экспарт дызпаліва для вытворцаў, тэрмін дзеяння якой заканчваецца 31 ліпеня, яшчэ на адзін месяц, а забарона на экспарт бензіну, што таксама заканчваецца напрыканцы ліпеня, — адразу на паўгода, паведамляла расійскае агенцтва Інтэрфакс.
Тады крыніца заяўляла, што праект адпаведнага распараджэння ўжо падрыхтаваны, але канчатковае рашэнне будзе прымаць віцэ-прэм'ер РФ Новак.
Яшчэ адна крыніца заявіла, што такое рашэнне «фактычна прынятае».