Найбуйнейшы расійскі нафтапорт на Чорным моры спыніў пагрузку танкераў
1- 24.07.2026, 21:50
- 1,298
З-за атак беспілотнікаў.
Найбуйнейшы расійскі нафтавы тэрмінал на Чорным моры «Шэсхарыс» у Наварасійску з раніцы 21 ліпеня прыпыніў пагрузку нафты на танкеры ў сувязі з пачашчанымі атакамі ўкраінскіх беспілотнікаў. Пра гэта паведамляе Bloomberg са спасылкай на даныя аб суднаходстве, спадарожнікавыя здымкі і інфармацыю сэрвісаў адсочвання суднаў.
Як адзначае агенцтва, прыпынак працы наўрад ці звязаны з дрэннымі пагоднымі ўмовамі, паколькі штормавое папярэджанне ў раёне тэрмінала было абвешчана толькі праз два дні пасля завяршэння апошняй пагрузкі. З пачатку года праз «Шэсхарыс» штодня адпраўлялася ў сярэднім каля 650 тыс. барэляў нафты. Пасля спынення порта апынулася паралізаванай пятая частка расійскага нафтавага экспарту, які сёлета ў сярэднім складае 3,6 млн барэляў у дзень.
Прыпынак працы тэрмінала адбыўся неўзабаве пасля ўзмацнення ўкраінскіх удараў па суднах у Чорным і Азоўскім марах. Раней, на гэтым тыдні, пачашчаныя атакі беспілотнікаў ужо перашкодзілі танкерам загрузіць нафту на размешчаным паблізу тэрмінале Каспійскага трубаправоднага кансорцыума (КТК). У выніку тэрмінал КТК, які адпраўляе на экспарт 80% нафты Казахстана, прыпыніў працу, а ў самым Казахстане пачалося вымушанае скарачэнне здабычы.
Напярэдадні расійскія ўлады папярэдзілі ўсе судны, што знаходзяцца ў выключнай эканамічнай зоне Расіі ў Чорным моры, што гэты раён небяспечны з-за патэнцыяльнай пагрозы з боку ўкраінскіх паветраных і марскіх беспілотнікаў. У выніку пад пагрозай апынуўся таксама збожжавы экспарт: праз Наварасійск вывозіцца каля траціны ўсяго прададзенага за мяжу расійскага збожжа.