Кубракоў заступіўся за таксіста-мігранта, які ўдарыў пасажырку
14- 24.07.2026, 20:28
- 3,836
Міністр унутраных спраў Беларусі шакіраваў сваёй заявай.
Міністр унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў выказаўся наконт канфлікту паміж кіроўцам таксі і дзвюма пасажыркамі ў Мінску, відэа якога 23 ліпеня шырока разышлося ў інтэрнэце.
Як раней паведамлялася, дзяўчына разам з сяброўкай папрасілі кіроўцу зрабіць музыку цішэй. Пасля гэтага між імі ўзнікла сварка, падчас якой кіроўца ўдарыў пасажырку далонню па твары.
Супрацоўнікі сталічнай міліцыі хутка ўстанавілі асобу кіроўцы. Высветлілася, што ён з'яўляецца замежным грамадзянінам, вучыцца ў адной з беларускіх устаноў вышэйшай адукацыі і падпрацоўвае ў таксі. Паводле звестак МУС, мужчына прызнаў сваю віну і раскаяўся. Ён таксама заявіў, што дзяўчына адразу паведаміла яму, што з'яўляецца блогеркай.
«Аказваецца, усю дарогу, пакуль яны ехалі, яны здымалі гэтага хлопца на мабільны тэлефон, рускую мову ён не надта добра ведае і некалькі разоў папрасіў прыбраць тэлефон. Пасля, відаць, не вытрымалі нервы, ударыў рукой — хацеў выбіць тэлефон», — расказаў Кубракоў.
Ён неўхвальна выказаўся пра тое, што замест неадкладнага звароту ў міліцыю па нумары 102 або праз чат-бот ведамства інфармацыя пра здарэнне спачатку была апублікавана ў інтэрнэце.
Таксама Кубракоў пракаментаваў шматлікія заклікі ў сацыяльных сетках пакараць вадзіцеля, у тым ліку дэпартаваць яго або пазбавіць волі. Ён сцвярджае, што кожны такі выпадак неабходна разглядаць індывідуальна і толькі пасля поўнага высвятлення ўсіх абставін.