WSJ распавёў пра апошнюю місію сенатара Ліндсі Грэма
2- 13.07.2026, 12:17
- 1,650
ФОТА: GETTY IMAGES
Сенатар нарэшце дасягнуў палітычнага трыумфу.
Уплывовы амерыканскі сенатар Ліндсі Грэм, які памёр 11 ліпеня ў 71 год, правёў свае апошнія дні, працягваючы працу над умацаваннем падтрымкі Украіны і ўзмацненнем санкцый супраць РФ. Выданне The Wall Street Journal распавяло пра яго апошнія сустрэчы, заявы і планы.
Калі Грэм вярнуўся ў суботу ў Вашынгтон пасля візіту ў Кіеў, калегі адзначалі, што ён выглядаў стомленым, але пры гэтым поўным надзей пасля насычанай серыі сустрэч у Еўропе і Украіне. Свой 71-ы дзень народзінаў сенатар правёў у раз’ездах, натхнёны самітам НАТА ў Турцыі, дзе прэзідэнт Дональд Трамп высока ацаніў альянс і падтрымаў Украіну. Галоўнае ж — перагледжаная версія законапраекта аб санкцыях супраць Расіі, якую прасоўваў Грэм, урэшце атрымала падтрымку Белага дома.
«Гэта чортава важная падзея — мы ўсе добра папрацавалі», — сказаў Грэм сенатару Рычарду Блюменталю усяго за некалькі гадзін да таго, як стала вядома пра яго смерць.
Чалавек, апантаны сваёй мэтай
Больш за год Грэм дамагаўся ад Кангрэса і Белага дома падтрымкі законапраекта аб санкцыях супраць Расіі, накіраванага на ўзмацненне эканамічнага ціску на Маскву з-за вайны ва Украіне, — дакумента, у распрацоўцы якога ён сам непасрэдна ўдзельнічаў.
Намаганні Грэма часам станавіліся прычынай разыходжанняў паміж Кангрэсам, які кантралюецца рэспубліканцамі і ў асноўным праўкраінскі, і Трампам з яго перагаворнай камандай.
Калі Трамп, частка яго кабінета і еўрапейскія лідары сабраліся на саміце НАТА, Грэм убачыў у гэтым вырашальны момант, каб канчаткова забяспечыць падтрымку больш жорсткіх санкцый.
Як піша WSJ, заканадаўцы і еўрапейскія чыноўнікі адзначалі, што цёплая сустрэча Трампа і Уладзіміра Зяленскага пацвердзіла правільнасць стратэгіі Грэма — доўгатэрмінова адстойваць інтарэсы Украіны за кулісамі, нягледзячы на ваганні прэзідэнта паміж прарасійскімі і праўкраінскімі настроямі.
Прашальная песня
У чацвер Грэм пакінуў Анкару, каб здзейсніць свой дзясяты візіт ва Украіну з пачатку расійскага ўварвання ў 2022 годзе.
Калі ў пятніцу Зяленскі сустрэўся з Грэмам у сваім кабінеце, яны абмяняліся ўсмешкамі і паціснулі адзін аднаму рукі. Прэзідэнт Украіны павіншаваў сенатара з днём народзінаў і пацікавіўся, як у яго справы.
«Старэйшы, але не мудрэйшы», — з усмешкай адказаў Грэм.
Пазней у той жа дзень Грэм разам з калегамі абвясціў пра дасягненне дамоўленасці з адміністрацыяй Трампа аб прасоўванні перагледжанай версіі санкцыйнага законапраекта. У Кіеве ён паведаміў журналістам, што пагадненне было дасягнута літаральна за паўгадзіны да гэтага.
«Гэта значыць, што ён стане законам», — сказаў сенатар.
Як адзначыў кангрэсмен Майкл Маккол, у значнай ступені дзякуючы Грэму ўдавалася ўтрымліваць цікавасць Трампа да падтрымкі Украіны. «Яны шмат гулялі разам у гольф, — сказаў Маккол, — у іх было дастаткова часу для размоў, хай гэта былі дзевяць ці васямнаццаць лунак».
Пра смерць Грэма Маккол даведаўся падчас паездкі на цягніку з Кіева ў Польшчу, куды накіроўваўся, каб абмеркаваць дадатковыя спосабы дапамогі Украіне.
«Ліндсі быў бы тут вельмі карысны, — сказаў ён. — Ён вельмі ўмела дзейнічаў у палітычным плане — як у добрыя, так і ў цяжкія часы».
Сенатар Джын Шахін, вядучы дэмакрат у Камітэце Сената па міжнародных адносінах, якая працавала з Грэмам на саміце НАТА, заклікала Кангрэс прыняць законапраект аб санкцыях і ажыццявіць «даўнюю мару Грэма пра незалежную і бяспечную Украіну».
Што вядома пра смерць Ліндсі Грэма
Увечары 11 ліпеня ў 71 год памёр амерыканскі сенатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм. У яго офісе заявілі, што прычынай стала «кароткачасовая і раптоўная хвароба».
Пазней стала вядома, што прычынай смерці аказалася расслаенне аорты — пашкоджанне сценкі галоўнай артэрыі арганізма, звязанае з зацвярдзеннем крывяносных сасудаў.