Мігранты зноў масава спрабуюць перайсці мяжу з Беларусі ў Польшчу
4- 13.07.2026, 13:22
- 1,414
Дзесяткі спроб за тры дні.
За мінулыя выхадныя польскія памежнікі зафіксавалі 37 спроб незаконна перайсці мяжу непасрэдна з Беларусі, як паведамілі у Памежнай службе Польшчы. Такіх выпадкаў за некалькі дзён на гэтым участку не было ўжо працяглы час. У апошнія месяцы мігранты пераважна спрабавалі трапіць у Польшчу праз Літву.
Спробы перайсці беларуска-польскую мяжу зафіксавалі з 10 па 12 ліпеня на ўчастках памежных застаў у Мельніку і Белавежы. У пятніцу іх было 18, у суботу — дзевяць, а ў нядзелю — дзесяць.
Частка мігрантаў вярнулася на тэрыторыю Беларусі. Астатніх затрымалі на польскім баку. Сярод іх былі выхадцы з Афганістана і Пакістана.
Незадоўга да гэтага, 7 ліпеня, польскія памежнікі паведамілі яшчэ пра восем мігрантаў, якія незаконна перасеклі беларуска-польскую мяжу.
З пачатку года на ўчастку Падляскага аддзела Памежнай службы зафіксавана больш за 260 спроб незаконнага перасячэння польска-беларускай мяжы. За аналагічны перыяд 2025 года было зафіксавана больш за 15 тыс. спроб.