9 траўня 2026, Субота, 17:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка заражае беларусаў хантавірусам?

4
Лукашэнка заражае беларусаў хантавірусам?

Разнавіднасць віруса, які забіў пасажыраў круізнага лайнера, у Беларусі можна падхапіць на суботніках.

Пасажыры круізнага лайнера MV Hondius, дзе была зафіксавана ўспышка смяротнага хантавіруса, ужо раз’ехаліся па ўсім свеце — у тым ліку ў Еўропу. Паводле дадзеных El País, як мінімум 23 чалавекі пакінулі судна, яшчэ не здагадваючыся, што маглі кантактаваць з вірусам. А ў аднаго з падарожнікаў пазней з’явіліся сімптомы захворвання — ён трапіў у бальніцу ў Швейцарыі. Раней паведамлялася, што тры чалавекі памерлі і прынамсі чацвёра захварэлі, піша «Зеркало». Ці варта баяцца хантавіруса ў Беларусі? І як ад яго абараніцца? Расказваем.

Хантавірус, якім захварэлі на лайнеры, даволі рэдкі. Заразіцца няпроста, але можна і ад чалавека

Хантавірусамі называюць групу вірусаў, якія пераносяцца грызунамі. У чалавека гэтыя інфекцыйныя агенты могуць выклікаць цяжкія захворванні і прыводзіць да сур’ёзных наступстваў — аж да смяротнага зыходу. Людзі звычайна заражаюцца пры кантакце з інфіцыраванымі грызунамі або іх мачой, калам, слінай.

Тое, як праявіцца хвароба, залежыць ад тыпу віруса і геаграфічнага рэгіёну. Напрыклад, у Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы інфекцыя часцей выклікае хантавірусны лёгачны сіндром — хуткапрагрэсуючы стан, які паражае лёгкія і сэрца. Хантавірусы, распаўсюджаныя ў Еўропе і Азіі, выклікаюць гемарагічную ліхаманку з нырачным сіндромам (ГЛНС). Найперш яна «б’е», як зразумела і з назвы, па нырках, але не толькі — пашкоджваюцца і крывяносныя пасудзіны.

У пасажыраў лайнера Hondius выяўлена паўднёваамерыканская разнавіднасць хантавіруса — вірус Андэс. Як адзначаюць у Сусветнай арганізацыі аховы здароўя і Цэнтрах па кантролі і прафілактыцы захворванняў ЗША, гэта рэдкі варыянт. Але, бадай, найбольш трывожны з гледзішча здольнасці распаўсюджвацца.

З усіх хантавірусаў толькі Андэс можа перадавацца ад чалавека да чалавека. Праўда, толькі пры вельмі цесным і працяглым кантакце (напрыклад, якраз у ўмовах лайнера). Асноўным шляхам заражэння ўсё роўна застаецца кантакт з грызунамі або ўдыханне часціц іх выдзяленняў. Таму ўспышкі звычайна рэдкія (пакуль фіксаваліся пераважна ў Чылі і Аргенціне) і не прыводзяць да пандэміі, як гэта было з COVID-19.

Сімптомы хантавіруснага лёгачнага сіндрому, які выклікае вірус Андэс, звычайна з’яўляюцца праз некалькі тыдняў пасля заражэння. Як адзначаюць медыкі з клінікі Кліўленда (адной з найбуйнейшых у ЗША), на ранняй стадыі яны могуць уключаць:

тэмпературу вышэй за 38°C і дрыжыкі;

моцную стомленасць;

цягліцавыя болі, асабліва ў вобласці сцёгнаў, таза і спіны;

праблемы са страўнікам: боль у жываце, млоснасць, ваніты, дыярэя;

скурную сып;

галаўны боль і галавакружэнне.

Па меры пагаршэння стану лёгкія могуць запаўняцца вадкасцю (ацёк лёгкіх) і магчымыя ўнутраныя крывацёкі. На гэтай стадыі могуць з’явіцца сухі кашаль, дыхавіца, адчуванне сціскання ў грудзях, а сэрца, як правіла, пачынае біцца часцей, чым звычайна.

Можа здавацца, што «ўсё толькі ў галаве». Гэтую хваробу спісваюць на стрэс, стомленасць і нават астэахандроз — пачытайце, раптам у вас яна

Хантавірусны лёгачны сіндром можа выклікаць сур’ёзныя ўскладненні. Так, калі ён паражае лёгкія, гэта прыводзіць да аслаблення і «цечы» крывяносных пасудзін. Паветраныя мяшочкі ў лёгкіх (альвеолы) могуць запаўняцца крывёю, з-за чаго становіцца цяжка дыхаць.

Магчымыя таксама пашкоджанні сардэчнай мышцы і крывяносных пасудзін. Яны, аслабленыя і «цечныя», парушаюць здольнасць сэрца перкачваць кроў і дастаўляць пажыўныя рэчывы па ўсім арганізме. Гэта можа прывесці да развіцця кардыягеннага шоку — ён, у сваю чаргу, хутка здольны выклікаць адмову органаў і смерць.

У сувязі з такімі наступствамі для арганізма смяротнасць ад хантавіруснага лёгачнага сіндрома дасягае 50%.

Хантавірусы ёсць і ў Беларусі. Больш за ўсё заражаюцца ў Магілёўскай вобласці

Паводле СМІ, на лайнеры не было беларусаў або тых, хто прыбыў з яго ў Беларусь.

Сярод краін, якія адсочваюць пасажыраў, што сышлі з судна і вярнуліся дадому, пералічваюцца Вялікабрытанія, Германія, Данія, Нідэрланды, Філіпіны, Сінгапур, ЗША, Швейцарыя, ПАР. Некалькі заражаных людзей сярод грамадзян гэтых краін ужо выяўлены.

На судне таксама былі турысты з Аўстраліі, Бельгіі, Францыі, Грэцыі, Гватэмалы, Індыі, Ірландыі, Новай Зеландыі, Польшчы, Партугаліі, Расіі, Турцыі, Украіны, Чарнагорыі і Японіі. У ўсіх іх пакуль што адсутнічаюць сімптомы заражэння.

Хоць успышка адбылася далёка ад нашай краіны, хантавірусы сустракаюцца і ва Усходняй Еўропе. Канкрэтна ў Беларусі хантавірусная інфекцыя (звычайна сустракаецца ГЛНС) не завозная, а эндамічная. Гэта значыць, яна пастаянна цыркулюе ў мясцовай прыродзе сярод грызуноў.

Паводле дадзеных эпідэміялагічных назіранняў, выпадкі захворвання хантавірусамі рэгіструюцца ў Беларусі з 1990-х гадоў. У першыя дзесяцігоддзі фіксаваліся адзінкавыя заражэнні, аднак у наступныя гады адзначаўся рост захворванасці і перыядычныя ўсплёскі.

Напрыклад, толькі за 2009−2016 гады выяўлена каля 390 выпадкаў, а ў 2018—2020 гадах яшчэ 274 выпадкі. Бывалі і смяротныя зыходы. Больш за ўсё выпадкаў заражэння — у Магілёўскай вобласці. Цяпер штогод хварэюць да дзевяці чалавек па краіне.

Маскі, папулярныя ў пандэмію каранавіруса, могуць дапамагчы абараніць сэрца? Навукоўцы прыйшлі да нечаканай высновы

Паколькі вірус перадаецца праз часціцы выдзяленняў мышападобных грызуноў, найвышэйшая рызыка заражэння — пры прыборцы дач, падвалаў, гарышчаў, падчас сезонных прац на прыродзе. Дык што, напрыклад, падчас суботнікаў, на якія ўлады «добраахвотна-прымусова» адпраўляюць людзей па ўсёй краіне, цалкам можна заразіцца.

Падчас такіх масавых навядзенняў парадку людзей часта прыцягваюць да прыборкі якраз залежалага, апалага лісця, старых гаспадарчых пабудоў, падвалаў і іншых малаўжываных тэрыторый, дзе могуць жыць мышападобныя грызуны. А многія нярэдка працуюць без рэспіратараў і пальчатак, да таго ж уздымаючы пыл у паветра. Менавіта ў такіх аэразолях могуць захоўвацца часціцы выдзяленняў грызуноў, праз якія і адбываецца заражэнне хантавірусам.

У Беларусі асноўныя тыпы хантавіруса — гэта Puumala, або PUUM (сустракаецца па ўсёй краіне), і Dobrava-Belgrade, або DOBV (больш рэдкі, звычайна фіксуецца ў Магілёўскай, Мінскай, Гродзенскай і Гомельскай абласцях). Іх пераносяць мышы, палёўкі, пацукі.

Тып PUUM звычайна не смяротны, сустракаецца часцей і выклікае лёгкую або сярэдняй цяжкасці форму хваробы. А вось DOBV выклікае больш цяжкую форму ГЛНС, смяротнасць — да 12%. Гэта значыць, фактычна памірае кожны дзесяты інфікаваны.

Гемарагічная ліхаманка з нырачным сіндромам пачынаецца раптоўна. Як зразумець, што гэта яна

Сімптомы ГЛНС звычайна з’яўляюцца праз адзін-два тыдні пасля заражэння, хоць у рэдкіх выпадках могуць праявіцца і праз восем тыдняў. Але галоўная асаблівасць — усё пачынаецца раптоўна. Сярод сімптомаў ГЛНС:

моцны галаўны боль;

боль у спіне і жываце;

высокая тэмпература, дрыжыкі;

млоснасць;

пагаршэнне зроку.

Акрамя гэтага, магчыма, што адбудзецца пачырваненне твару або сып на ім, пачнецца запаленне або пачырваненне вачэй. Медыкі адзначаюць, што хворыя звычайна аддаюць перавагу ляжаць на спіне, а іх паводзіны становяцца загальмаванымі. Пазней магчыма падзенне ціску да нізкага (г. зн. ніжэй за 90/60 мм рт. сл.). У рэшце рэшт усё даходзіць да ўнутраных крывацёкаў, стану шоку з-за недастатковага кроўазвароту і вострай нырачнай недастатковасці. Апошняе можа выклікаць моцнае затрыманне вадкасці ў арганізме, што будзе выяўляцца ў прыкметных ацёках.

Калі ў вас з’явіліся такія сімптомы пасля кантакту з грызунамі або, напрыклад, прыборкі запыленага сарая на дачы, важна як мага хутчэй звярнуцца па медыцынскую дапамогу. Цячэнне ліхаманкі, выкліканай хантавірусам, можа хутка пагаршацца.

Цяжкасць хваробы залежыць ад тыпу віруса: некаторыя штамы выклікаюць смяротнасць 5−15%, іншыя — менш за 1%. Выздараўленне можа заняць ад некалькіх тыдняў да месяцаў.

Хоць ГЛНС паддаецца лячэнню, хворым нярэдка патрэбна падтрымальная тэрапія ў аддзяленні рэанімацыі — аж да вентыляцыі лёгкіх або дыялізу.

Абараніцца ад хантавіруса можна. Галоўнае правіла — пазбягаць кантакту з грызунамі

Асноўная прафілактыка хантавіруснай інфекцыі зводзіцца да абароны ад удыхання заражанага пылу. У сувязі з гэтым рэкамендуецца пазбягаць сухой прыборкі ў памяшканнях, дзе маглі жыць грызуны, выкарыстоўваць рэспіратары і пальчаткі, а таксама праводзіць вільготную дэзінфекцыю паверхняў.

Маленькія, але смяротна небяспечныя. Хто з насякомых і павукападобных Беларусі здольны забіць чалавека

Найбольш рызыкоўнымі лічацца падвалы, дачы, гарышчы і старыя гаспадарчыя пабудовы. Хоць мышы і пацукі аддаюць перавагу сельскай мясцовасці (траўністыя або лясістыя раёны з невялікай колькасцю будынкаў і людзей), яны могуць ладзіць гнёзды або шукаць ежу ў пералічаных месцах. Акрамя таго, важна добра мыць тару і прадукты, якія захоўваюцца, напрыклад, у падвалах: заразіцца праз ежу таксама магчыма.

Напрыклад, у выпадку з лайнерам версія такая, што вірус на борт занесла пара з Нідэрландаў, якая, верагодна, заразілася ад грызуноў падчас наведвання гарадской звалкі, дзе было зручна назіраць за птушкамі. Гэта адбылося за некалькі дзён да таго, як судна адправілася з аргентынскага порта далей па маршруце.

Калі вы трымаеце пацукоў як хатніх жывёл, то важна таксама правільна іх даглядаць, каб не заразіцца. Можна параіцца з ветэрынарамі наконт тэсціравання пацукоў на хантавірусы, перш чым заводзіць іх у сябе або падсяляць да ўжо наяўных асобін. Утім, асноўная крыніца хантавіруса — гэта ўсё ж дзікія мышападобныя грызуны.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках