BI: Украіна ўжо збівае 90% расійскіх дронаў, а Брытанія ўважліва сочыць за гэтым
1- 9.05.2026, 9:32
- 2,108
Лондан выкарыстоўвае досвед Узброеных Сіл Украіны.
Украіна заяўляе, што эфектыўнасць перахопу расійскіх дронаў, запушчаных падчас масіраваных атак, павялічылася да 90%. Галоўнакамандуючы Каралеўскіх ВПС Вялікабрытаніі Харві Сміт заявіў Business Insider, што Лондан ужо робіць высновы з поспехаў Кіева на полі бою.
Сміт адзначыў у размове з журналістамі, што Украіна сапраўды пачала збіваць больш расійскіх дронаў. Ён падкрэсліў, што ўкраінскія войскі часта збіваюць каля 90% беспілотнікаў нават тады, калі Расія запускае сотні БПЛА з розных напрамкаў.
У выданні нагадалі, што ў красавіку ўкраінскія войскі перахапілі амаль 6 000 ракет і дронаў, запушчаных Расіяй. Больш за 89% ударных дронаў былі збітыя, а падчас некаторых найбуйнейшых атак гэты паказчык дасягаў нават 95%.
Сміт падзяліўся з журналістамі, што Украіна разгарнула сістэмы антыдронавай абароны, якія добра паказалі сябе ў баі, і працягвае развіваць гэтыя магчымасці.
«Яны нарошчваюць свае магчымасці з такой хуткасцю — гэта проста ўражвае. Цяпер я на тым этапе, калі еду туды, каб вучыцца ў іх. Досвед, які мы атрымліваем ад Украіны, — і той факт, што яны фактычна змагаюцца з праціўнікам, ад якога нам, магчыма, давядзецца абараняцца ў будучыні, будуць выкарыстаныя для фармавання ваенных планаў Вялікабрытаніі», — сказаў журналістам Сміт.
У выданні дадалі, што Украіна стала піянеркай у распрацоўцы дронаў-перахопнікаў, якія сталі эканамічна эфектыўным спосабам збіваць варожыя беспілотнікі. Сусветная цікавасць да такіх дронаў рэзка ўзрасла пасля пачатку вайны ў Іране.
Акрамя таго, Украіна выкарыстоўвае цэлы шэраг іншых сродкаў для барацьбы з расійскімі дронамі, уключаючы ракетныя сістэмы кароткай дальнасці, кулемёты на грузавіках, сродкі радыёэлектроннай барацьбы, верталёты і нават іншыя лятальныя апараты.