Апошні парад Пуціна?
3- 7.05.2026, 18:40
- 1,566
Парад у Маскве 9 мая сёлета можа прайсці ў фармаце, які больш не паўторыцца.
Напярэдадні 9 мая абвастраецца тэма магчымых удараў па Маскве, і цяпер яны сталі абсалютнай рэальнасцю. Таму парад у гэтым годзе можа прайсці ў фармаце, які больш не паўторыцца. Да таго ж ён можа стаць апошнім для расійскага кіраўніка Уладзіміра Пуціна.
Такую думку выказаў журналіст Раман Цымбалюк у эксклюзіўным каментарыі «Тэлеграфу».
«Расіянам трэба цаніць такі парад — крыху «пагрызены», крыху скарочаны, — які цяпер ёсць. Бо ў наступным годзе такога не будзе, і ім трэба насалоджвацца момантам. Хто яго ведае, можа, гэта насамрэч апошні парад Уладзіміра Пуціна», — адзначыў ён.
Пры гэтым Цымбалюк дадаў, што нанясенне ўдару па расійскай сталіцы 9 мая мае сэнс з палітычных прычын. Аднак журналіст мяркуе, што атака менавіта па Чырвонай плошчы малаверагодная.
«Відавочна, мы ўстрымаемся ад таго, каб біць менавіта па Чырвонай плошчы. І тут пытанні нашых магчымасцяў — яны не бязмежныя, і мы гэта таксама разумеем», — кажа суразмоўца.
Ён тлумачыць, што вакол Масквы ёсць вялікая колькасць заводаў і фабрык, удары па якіх могуць прынесці карысць.
«Мы ж толькі пачалі біць насамрэч. Там мэтаў больш чым дастаткова», — падсумаваў Цымбалюк.
Чым Украіна можа дацягнуцца да Масквы
Дроны з далёкасцю каля 1000 км або больш
Украіна мае лінейку беспілотнікаў, выпрабаваных у рэальных задачах, здольных дзейнічаць на вялікай адлегласці. У прыватнасці, гэта дроны «Січень» (да 1400 км), «Лютий» (да 2000 км), Fire Point (FP-1) (да 1600 км), UJ-22 Airborne (да 1600 км), «Ніндзя» (да 1500 км, пра яго нядаўняе прымяненне даных няма).
Таксама ёсць шмат дронаў з далёкасцю ўдару 800–1000 км, напрыклад, «Бабёр» (UJ-26). Частка з іх ужо далятала да расійскай сталіцы.
Дроны з далёкасцю да 800 км
Яшчэ адна група дронаў, якія могуць дзейнічаць на значнай частцы еўрапейскай тэрыторыі Расіі, уключна з Масквой, — дроны з далёкасцю да 800 км. Сярод іх:
- дрон «Морок»
- крылатая ракета-дрон «Барс»
- ракета-дрон «Паляніца»
- рэактыўны дрон-камікадзэ «Обрій»
- дрон AQ-400 Scythe (таксама вядомы як «Каса»).
Дацягнуцца да Масквы могуць і далёкабойныя ракеты. Напрыклад, украінская крылатая ракета FP-5 «Фламінга» мае заяўленую далёкасць палёту да 3000 км. Сярод яе асаблівасцяў — палёт на звышнізкіх вышынях. Патэнцыйна можа з’явіцца і FP-9 — мадыфікацыя балістычнай ракеты FP-7, якая якраз у 2026 годзе павінна была праходзіць кодыфікацыю. Чаканая далёкасць — каля 800 км.
Парад адбудзецца без тэхнікі
Ваенны парад у Маскве 9 мая гэтага года пройдзе без ваеннай тэхнікі — упершыню з 2008 года. У цэлым галоўнае «шоў» кіраўніка РФ Уладзіміра Пуціна пачало заўважна дэградаваць пасля пачатку агрэсіі супраць Украіны ў 2014 годзе, і за гады паўнамаштабнай вайны гэтая тэндэнцыя ўзмацнілася.
«У сувязі з бягучай аператыўнай абстаноўкай» у парадзе таксама не будуць удзельнічаць курсанты ваенных вучылішчаў. Замест гэтага падчас дзеі абяцаюць паказаць работу вайскоўцаў, што выконваюць баявыя заданні ва Украіне», — заявілі ў Мінабароны РФ.