Al Arabiya раскрыла цікавыя падрабязнасці перамоў ЗША і Ірана
10- 7.05.2026, 17:35
- 3,686
Стала зразумела, да чаго ўсё ідзе.
Пакістанскія крыніцы тэлеканала Al Arabiya паведамілі пра тое, што працягваюцца інтэнсіўныя перамовы па пытанні паступовага адкрыцця Армузскага праліва. Паводле іхніх звестак, у найбліжэйшыя гадзіны можа з'явіцца рашэнне адносна сітуацыі з суднамі, якія застаюцца заблакаванымі ў гэтым стратэгічна важным марскім калідоры.
Бакі ўжо дасягнулі папярэдніх дамоўленасцяў: старт паступовага адкрыцця Армузскага праліва і пачатак паслаблення блакады.
Адначасова высокапастаўленыя амерыканскія чыноўнікі раскрылі ўмовы Вашынгтона для магчымых перамоў з Іранам. Паводле звестак газеты The Wall Street Journal, ЗША патрабуюць ад Тэгерана афіцыйнай адмовы ад імкнення атрымаць ядзерную зброю, дэмантажу аб'ектаў у Фордо, Натанзе і Ісфахане, а таксама поўнай забароны падземнай ядзернай дзейнасці.
Акрамя таго, Вашынгтон прапануе часова - тэрмінам на 20 гадоў - прыпыніць узбагачэнне ўрану і перадаць усе запасы ўжо ўзбагачаных матэрыялаў.
Амерыканскія крыніцы пацвярджаюць: ЗША настойваюць на паступовым адкрыцці Армузскага праліва з боку Ірана ў абмен на паэтапнае змякчэнне амерыканскай марской блакады іранскіх партоў да заключэння канчатковага пагаднення.
Амерыканскі бок патрабуе адмены любых збораў і абмежаванняў у Армузскім праліве, размінавання маршрутаў і адмовы ад любых прымусовых мер у адносінах да суднаходства.
Пры гэтым, як падкрэслілі амерыканскія чыноўнікі, змякчэнне санкцый магчыма толькі пасля фактычнага выканання Іранам умоваў пагаднення, а не проста пасля яго падпісання. На першым этапе дапускаецца толькі частковае размарожванне некаторых іранскіх актываў за мяжой.