«Масква можа стаць зонай палявання для ўкраінскіх дронаў»
2- 7.05.2026, 13:04
- 1,960
ЗСУ здольныя выкарыстаць памылкі Крамля.
Расія сарвала прапанаванае Украінай перамір’е, працягнуўшы ўдары па ўкраінскіх гарадах. На гэтым фоне Пуцін спешна выбудоўвае вакол Масквы «кальцо СПА», сцягваючы туды сістэмы з рэгіёнаў перад парадам 9 мая.
Наколькі рэальна ўкраінскім дронам і ракетам прабіць гэтую сістэму і ўдарыць па Маскве або Падмаскоўі? Пра гэта сайт Charter97.org пагутарыў з украінскім ваенна-палітычным аглядальнікам групы «Інфармацыйны супраціў» Аляксандрам Каваленкам:
— Прарваць гэтую эшалёніраваную СПА цалкам рэальна, гэта ўжо неаднаразова дэманстравалася. Удары па Маскве наносіліся не раз, таму ў цэлым няма ніводнай эшалёніраванай сістэмы СПА, якая давала б 100-працэнтную гарантыю абароненасці.
Іншае пытанне — наколькі Украіне важна выкарыстаць менавіта гэты момант для ўдару па Маскве і Маскоўскай вобласці, у той час як іншыя вобласці, рэгіёны, федэральныя акругі і раёны Расійскай Федэрацыі аголеныя, засталіся без сродкаў СПА. Лагічней было б біць па стратэгічных аб’ектах, аб’ектах ваенна-прамысловага комплексу, складах, аэрадромах менавіта ў тых рэгіёнах, якія істотна аслаблены.
Масіраваны ракетна-дронавы налёт на 9 мая, з выкарыстаннем гэтых «белых плям» у СПА — даволі вялікіх па плошчы «белых плям» у паветранай прасторы РФ, — мне падаецца, быў бы больш мэтазгодным, чым канцэнтрацыя ўсёй увагі на Маскве і Маскоўскай вобласці.
А калі ўжо і канцэнтраваць увагу на Маскве, дык выключна дзеля стварэння панічных настрояў на 9 мая: адправіць пэўную колькасць дронаў, каб сама па сабе гучала паветраная трывога і, адпаведна, было сапсавана гэтае «перамогабессе» ў самога Пуціна.
Плюс ёсць яшчэ адзін цікавы варыянт. Так, мы можам максімальна рацыянальна і лагічна ацэньваць, што цяпер больш эфектыўна было б біць па рэгіёнах, якія аслаблены і засталіся без СПА. Але, што найцікавей, Сілы беспілотных сістэм апошнія месяцы літаральна ладзяць паляванне на расійскія сродкі СПА ў блізкай і сярэдняй тылавой зоне. Амаль штодзень знішчаюцца або ЗРК «Тор-М2», або ЗРК «Бук», або іншыя сістэмы менавіта гэтага эшалону.
І я зусім не выключаю сцэнар, пры якім горад і вобласць, дзе сёння сканцэнтравана найбольшая колькасць СПА ў Расіі, ператворацца ў зону палявання. ЗСУ могуць проста ўчыніць на 9 мая маштабнае паляванне на расійскія сістэмы СПА, якія для нас фактычна сабралі ў адным месцы. Мы можам накіраваць на паляванне на іх нашы дроны. І гэта таксама будзе даволі сур’ёзным рэпутацыйным ударам па Расіі.
— Як сцягванне СПА да Масквы ўжо паўплывала на фронт і ўдары ЗСУ па іншых аб’ектах у Расіі?
— ЗСУ сталі больш эфектыўна выкарыстоўваць паветраную прастору часова акупаваных тэрыторый для падлёту і выхаду на тэрыторыю самой Расійскай Федэрацыі. Я нават не кажу пра паспяховасць удараў па расійскіх аб’ектах на часова акупаваных тэрыторыях, а кажу ўвогуле пра выкарыстанне мацерыковай часткі Украіны, якая пакуль знаходзіцца пад акупацыяй, для транзіту ў паветраную прастору той жа Растоўскай вобласці.
У Растоўскую вобласць значна бліжэй ляцець па тэрыторыі Украіны — праз Данецкую, Запарожскую вобласці, — чым аблятаць з Харкаўскай або Сумскай абласцей праз тую ж Бранскую, Белгарадскую, Курскую. Ёсць розныя варыянты.
То бок, вядома, мы гэта цяпер адчуваем: эфектыўнасць працы і транзітных пралётаў павысілася. І, вядома, праца нашай авіяцыі стала больш інтэнсіўнай дзякуючы зніжэнню рызыкаў ад расійскіх сродкаў СПА ў зоне баявых дзеянняў.