Украінскія дроны разграмілі лагістычныя базы акупантаў на Данбасе
1- 31.05.2026, 22:45
- 1,012
Паражаны цэлы шэраг мэт.
Украінскія вайскоўцы паведамілі пра серыю ўдараў па аб’ектах расійскай арміі ў Данецкай вобласці. Як заявілі у 413-м асобным палку Сіл беспілотных сістэм «Рэйд», мэтай аперацыі стала лагістычная інфраструктура, якую акупанты выкарыстоўвалі для забеспячэння сваіх падраздзяленняў на фронце.
Паводле звестак падраздзялення, удары былі нанесены па некалькіх аб’ектах у аператыўным тыле праціўніка, размешчаных у раёнах важных чыгуначных і аўтамабільных вузлоў.
Сярод паражаных мэт названы склад матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння 36-й матастралковай брыгады і іншых падраздзяленняў 29-й арміі РФ у раёне Бугаса і Навасёлаўкі, склад МТЗ 51-й арміі ў раёне Дакучаеўска, а таксама склады і пункт часовай дыслакацыі падраздзяленняў 155-й брыгады марской пяхоты Ціхаакіянскага флоту РФ каля населенага пункта Сігнальнае.
У падраздзяленні адзначылі, што частка ўдараў была нанесеная па тэрыторыях Данецкай вобласці, якія знаходзяцца пад расійскай акупацыяй з 2014 года. Паводле слоў вайскоўцаў, аперацыя прадэманстравала здольнасць Сіл абароны Украіны паражаць аб’екты праціўніка далёка за лініяй фронту.