Зяленскі распавёў, што напісаў у лісце Трампу
1- 31.05.2026, 22:16
Прэзідэнт Украіны спадзяецца на адказ кіраўніка Белага дома.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што ў нядаўнім лісце да амерыканскага калегі Дональда Трампа запытаў ліцэнзію на вытворчасць антыбалістычных ракет Patriot.
Пра гэта ён сказаў у інтэрв'ю CBS News, запісаным 29 траўня.
Журналістка Маргарэт Брэнан спытала Зяленскага, ці атрымаў ён адказ на свой ліст. Прэзідэнт Украіны сказаў, што спадзяецца на гэта, і адзначыў, што папрасіў амерыканскі бок даць Кіеву ліцэнзіі для павелічэння вытворчасці ракет Patriot
«У Германіі цяпер ёсць пэўныя ліцэнзіі», — адзначыў Зяленскі. І падкрэсліў: «Гэта будзе вельмі карысна для нас, гэта будзе вельмі карысна для Блізкага Усходу, для ўсіх, каму Злучаныя Штаты вырашаюць дапамагчы».
Дэфіцыт перахопнікаў для балістычных ракет расце, канстатаваў Уладзімір Зяленскі.
«Вядома, адна з прычын — гэта сітуацыя на Блізкім Усходзе з іранскай вайной… Я спадзяюся, што спыненне агню будзе працяглым і прывядзе да трывалага міру», — сказаў ён. Аднак нагадаў, што ва Украіне няма спынення агню, а Расія павялічвае ўласную вытворчасць балістычных ракет на фоне дэфіцыту сродкаў супрацьракетнай абароны.
«Я ведаю ўсе кампаніі ў Злучаных Штатах, гэта вялікія кампаніі, але толькі Злучаныя Штаты могуць вырабляць такую колькасць. 60, 65 ракет у месяц для сённяшніх выклікаў — гэта нічога. Расія гэта ведае, гэта не сакрэтная інфармацыя. Нам трэба пашырыць вытворчасць», — заявіў Уладзімір Зяленскі.