У Беларусі ўводзяць тры важныя пенсійныя навацыі
1- 30.05.2026, 15:21
- 2,460
Стала вядома, каго яны закрануць.
У Беларусі ўводзяць некалькі пенсійных змяненняў. Адна з іх датычыцца тых, хто пражывае ў пансіянатах. Праект «Хрызантэма» распавядае падрабязнасці пра гэтыя навацыі.
Навацыя па пенсіях тых, хто знаходзіцца ў пансіянатах
У Беларусі ўводзяць змяненні па апецы і папячыцельстве над недзеяздольнымі і абмежавана дзеяздольнымі. Адна з навацый датычыць пажылых людзей, якія пражываюць у сацыяльных пансіянатах: калі пенсіянер або іншы падапечны часова выязджае з такой установы і больш за месяц жыве ў сваякоў або іншых блізкіх людзей, частку яго пенсіі змогуць перадаваць тым, хто ўзяў на сябе клопат пра яго. Гаворка пра суму да 90% пенсіі на час такога «адпачынку».
Таксама чыноўнікі пашырылі спіс выдаткаў, якія можна аплачваць за кошт сродкаў падапечных. Цяпер грошы дазволена накіроўваць не толькі на паўсядзённыя патрэбы, але і, напрыклад, на рамонт асабістых рэчаў і абсталявання, мабільную сувязь, падпіску на газеты і часопісы, аплату камунальных паслуг і падаткаў на належную ім маёмасць.
Змены па прафесійных пенсіях
З 1 ліпеня ў Беларусі скарацяць спісы работ са шкоднымі і цяжкімі ўмовамі працы, якія дзейнічалі з 2005 года і давалі права на прафесійнае пенсійнае страхаванне.
З гэтага пераліку выключылі 840 прафесій і пасад, прызнаных такімі, што страцілі актуальнасць:
406 — фактычна ўжо не выкарыстоўваюцца ў эканоміцы;
356 — шкодныя ўмовы працы не пацвердзіліся па выніках атэстацый;
78 — умовы працы прызнаны аптымальнымі або дапушчальнымі.
З-за гэтага скарачэння частка работнікаў больш не будзе падпадаць пад прафесійнае пенсійнае страхаванне.
29 мая апублікавалі інструкцыю Мінпрацы аб прымяненні спісаў вытворчасцей, работ, прафесій, пасад і паказчыкаў для прафесійнага пенсійнага страхавання.
Падатковая навацыя
З 1 ліпеня ў Беларусі могуць істотна змяніцца правілы для плацельшчыкаў падатку на прафесійны даход (НПД). Адна з галоўных навацый — увядзенне мінімальнага штомесячнага плацяжу, ён складзе 45 рублёў у месяц. Але для пенсіянераў гэты ўзнос будзе 18 рублёў.