У найбуйнейшай гуманітарнай ВНУ Расіі вырашылі напісаць «правільную» гісторыю продкаў Пуціна
- 30.05.2026, 14:56
Для складання радаслоўнай дыктатара шукаюць спецыяльнага навуковага супрацоўніка.
Расійскія ўлады вырашылі напісаць гісторыю роду прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. Гэтую задачу даручылі Расійскаму дзяржаўнаму гуманітарнаму ўніверсітэту (РГГУ), найбуйнейшай у краіне спецыялізаванай ВНУ такога профілю. У красавіку РГГУ апублікаваў аб’яву аб пошуку навуковага супрацоўніка, які зоймецца вывучэннем біяграфій продкаў Пуціна за жалаванне ў памеры 81 990 рублёў, звярнула ўвагу «Медуза».
Тэма будучага даследавання сфармуляваная як «Калектыўная біяграфія членаў роду Пуціных у парэформеннай Расіі (1861–1917 гг.): пераход ад земляробства да дробнага гарадскога прадпрымальніцтва». Аналагічная вакансія апублікаваная на сайце ўніверсітэта. У ёй указана, што заяўкі ад кандыдатаў прымаюцца да 10 чэрвеня, а дагавор з даследчыкам заключаецца да ліпеня 2027 года. Навуковы супрацоўнік будзе працаваць без надбавак і прэмій, затое прадугледжаны штогадовы адпачынак.
Раней ТАСС апублікаваў запіс з метрычнай кнігі за 1879 год, дзе ўказваецца, што дзед Пуціна Спірыдон Іванавіч быў селянінам і быў ахрышчаны ў храме Узнясення Гасподня ў вёсцы Дудзіна пад Цвер’ю. Сам Пуцін раней заяўляў, што яго дзед нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу і працаваў кухарам.
«Сям’я была самая простая: ну што, кухар і кухар. Але, відаць, добра гатаваў, бо пасля Першай сусветнай вайны яго запрасілі на працу ў падмаскоўныя Горкі, дзе жылі Ленін і ўся сям’я Ульяновых. Калі Ленін памёр, дзеда перавялі на адну з дач Сталіна, і ён там доўга працаваў», — сцвярджаў кіраўнік РФ.
У маі кандыдат гістарычных навук Міхаіл Гершзон адзначаў, што продкі Пуціна былі сялянамі, і звесткі пра жыццё прадстаўнікоў гэтага стану звычайна не захоўваюцца ў архівах.