Супрацоўнік ЦРУ скраў 300 залатых зліткаў пад выглядам «службовай неабходнасці»
- 28.05.2026, 23:46
- 1,240
Акрамя залатых зліткаў, былі канфіскаваныя каля $2 млн наяўнымі і 35 люксавых гадзіннікаў.
Былога супрацоўніка ЦРУ Дэвіда Раша абвінавацілі ў раскраданні дзяржаўных сродкаў пасля таго, як у яго ў доме выявілі каля 300 залатых зліткаў коштам больш за $40 млн. Пра гэта паведамляе газета The Washington Post са спасылкай на судовыя дакументы і крыніцы.
Паводле даных выдання, Раш пад выглядам «службовай неабходнасці» рэгулярна запытваў у кіраўніцтва буйныя сумы замежнай валюты і залатыя зліткі, заяўляючы, што яны патрэбныя для пакрыцця выдаткаў у межах расследаванняў.
18 мая федэральныя агенты правялі вобшук у доме Раша. Акрамя залатых зліткаў, былі канфіскаваныя каля $2 млн наяўнымі і 35 люксавых гадзіннікаў, большасць з якіх — Rolex.
Следства таксама ўстанавіла, што Раш цягам многіх гадоў фальсіфікаваў звесткі пра сваю біяграфію дзеля кар'ернага прасоўвання. У прыватнасці, ён сцвярджаў, што быў баявым лётчыкам у Ваенна-марскіх сілах ЗША і навуковым супрацоўнікам у Тэхналагічным інстытуце Ваенна-паветраных сіл. Праверка паказала, што ўсё гэта хлусня — у Раша няма нават базавай ліцэнзіі грамадзянскага пілота.