Axios: ЗША і Іран дамовіліся аб 60-дзённым перамір’і
6- 28.05.2026, 23:01
- 4,010
Падрабязнасці.
Перамоўшчыкі ЗША і Ірана ўзгаднілі так званы 60-дзённы мемарандум, які прадугледжвае спыненне агню на два месяцы, запуск перамоваў па ядзернай праграме Тэгерана і разблакіроўку Армузскай пратокі. Пра гэта Axios паведамілі два амерыканскія чыноўнікі і рэгіянальная крыніца, якая ўдзельнічае ў пасярэдніцкіх намаганнях. Аднак прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, паводле выдання, пакуль не прыняў канчатковага рашэння па гэтым пытанні: паводле слоў высокапастаўленага прадстаўніка амерыканскай адміністрацыі, Трамп «хоча некалькі дзён падумаць, перш чым прымаць канчатковае рашэнне».
Згодна з дасягнутымі дамоўленасцямі, суднаходства праз Армузскую пратоку стане «неабмежаваным» — без якіх-небудзь пошлінаў, затрыманняў і пераследу з боку іранскіх сіл. На працягу 30 дзён Іран павінен прыбраць усе міны з пратокі. ЗША ў адказ здымуць марскую блакаду, але гэта будзе адбывацца прапарцыйна аднаўленню камерцыйнага суднаходства. Мемарандум таксама ўключае абавязацельства Ірана не імкнуцца да стварэння ядзернай зброі. Цягам 60-дзённага перыяду першачарговымі пытаннямі на перамовах стануць утылізацыя высокаабагачанага ўрану і вырашэнне праблемы ўзбагачэння ўрану Іранам. ЗША, у сваю чаргу, абавязуюцца абмяркоўваць змякчэнне санкцый і разблакіроўку замарожаных іранскіх сродкаў, а таксама стварэнне механізму для атрымання Тэгеранам тавараў і гуманітарнай дапамогі.
Паводле афіцыйных асоб ЗША, умовы здзелкі ў асноўным былі ўзгодненыя да аўторка, 26 мая, і іранцы заявілі пра наяўнасць неабходных дазволаў і гатоўнасць падпісаць дакумент (сам Тэгеран гэтага пакуль афіцыйна не пацвердзіў).
Раней прэзідэнт ЗША і яго дарадцы неаднаразова паведамлялі, што блізкія да заключэння здзелкі з Іранам, аднак гэтага дагэтуль не адбылося, нагадвае Axios.