У Бангладэш уратавалі ад ахвярапрынашэння буйвала «Дональда Трампа»
7- 28.05.2026, 18:46
- 2,598
У сітуацыю ўмяшаўся ўрад краіны.
У Бангладэш улады выратавалі ад ахвярапрынашэння на мусульманскае свята Курбан-байрам буйвала-альбіноса, які атрымаў мянушку Дональд Трамп за светлы пух на галаве, што нагадвае прычоску амерыканскага прэзідэнта, паведамляе Sky News.
Рэдкая жывёла вагой амаль 700 кг была прададзеная на рытуальны забой. Аднак ажыятаж вакол жывёлы дасягнуў такіх маштабаў, што ўрад умяшаўся, баючыся за бяспеку грамадзянаў, і выратаваў буйвала.
«Мы прынялі рашэнне пашкадаваць буйвала ў апошні момант з-за пагроз бяспецы і велізарнай цікавасці людзей», — заявіў міністр унутраных спраў Салах ад-Дзін Ахмед.
Паводле яго распараджэння пакупніку жывёлы вярнулі грошы, а самога буйвала перавезлі ў нацыянальны заапарк у Даке.
Да гэтага жывёла належала фермеру Зіяудзіну Мрыдху. Паводле слоў фермера, мянушку буйвалу прыдумаў яго малодшы брат, які першым заўважыў падабенства жывёлы да прэзідэнта ЗША. Менавіта гэты незвычайны знешні выгляд і прыцягнуў увагу людзей: яны пачалі здымаць буйвала на відэа і выкладаць ролікі ў Сеціва. Кадры з жывёлай і яе светлай чолкай імгненна разляцеліся, і тады на ферму пачалі сцякацца натоўпы наведвальнікаў, многія прыязджалі здалёк, каб убачыць буйвала ўласнымі вачыма.
Буйвалы-альбіносы ў Бангладэш — вялікая рэдкасць, бо большасць мясцовай скаціны мае цёмнае афарбаванне. Як адзначае Sky News, гэта робіць уратаванага «Дональда Трампа» сапраўды ўнікальнай істотай у сезон святочнага забою на Курбан-байрам.