Генерал ЗША Бэн Ходжэс: Украіне пад сілу вызваліць Крым
2- 28.05.2026, 14:05
- 3,272
Першая фаза — перарэзаць дарогу на Джанкой.
Былы камандуючы Арміяй ЗША ў Еўропе Бэн Ходжэс заявіў, што для вызвалення акупаванага Крыму Украіне неабходна спачатку ізаляваць паўвостраў і зрабіць знаходжанне расійскіх сіл там немагчымым.
Аб гэтым Ходжэс заявіў у інтэрв'ю «Укрінформу»:
«Гэта гучыць трохі спрошчана, але першая фаза… да вызвалення Крыму — гэта ізаляваць яго, перарэзаць дарогу на Джанкой, знішчыць мост. Другое — зрабіць яго непрыдатным, немагчымым для выкарыстання расіянамі».
Па яго словах, Украіна мае магчымасці наносіць дакладныя ўдары па ўсёй тэрыторыі Крыму, таму павінна працягваць паражаць аэрадромы, рэшткі флоту, лагістычныя вузлы і іншыя ваенныя аб'екты, каб расійскія сілы не маглі эфектыўна выкарыстоўваць паўвостраў.
Ходжэс падкрэсліў неабходнасць перакрыцця ўсіх шляхоў забеспячэння Крыму — як дарогі на Джанкой, так і Керчанскага моста, які ён назваў аб'ектам з «вялізным псіхалагічным уплывам».
«Керчанскі мост ужо пашкоджаны і ў некаторых месцах «дзірявы». Гэта ўразлівае месца, але ён таксама мае вялізны псіхалагічны ўплыў. І пакуль гэты мост стаіць, нават пасля таго, як мір нарэшце будзе дасягнуты, ён будзе перашкаджаць Украіне выходзіць у Азоўскае мора. Адпаведна, гэты мост рана ці позна ўпадзе», — лічыць афіцэр.
Ён таксама адзначыў, што больш складанай задачай будзе прымусіць расійскія сілы пакінуць паўвостраў.
На думку Ходжэса, гэтага можна дасягнуць за кошт сістэмнага ціску і ўдараў па інфраструктуры, уключаючы нафтагазавыя аб'екты.
«Я дагэтуль упэўнены, што Крым з'яўляецца найважнейшым месцам, кропкай гэтай вайны. І бок, які кантралюе Крым, выйграе вайну. Я не магу ўявіць заканчэння вайны і дасягнення доўгатэрміновага ўстойлівага міру, калі Расія працягне кантраляваць Крым», — сказаў ён.
Ходжэс дадаў, што пакуль Расія ўтрымлівае Крым, Украіна не зможа аднавіць поўнавартасны доступ да Азоўскага мора і аднаўленне Марыупаля і Бярдзянска, а таксама будзе захоўвацца пагроза суднаходству ў Чорным моры.
«І, вядома, Расія ўсё яшчэ магла б перашкаджаць суднаходству з Адэсы або Мікалаева, напрыклад. Таму пытанне Крыму павінна быць вырашана», — сказаў ён.