Пашынян жорстка адказаў Лукашэнку
6- 28.05.2026, 7:37
- 14,990
ФОТА: GETTY IMAGES
Дыктатару наўпрост было сказана, што ён «капае магілу».
Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян рэзка адрэагаваў на словы дыктатара Лукашэнкі пра тое, што Арменія «нікому не патрэбная», і заявіў, што Ерэван больш не застанецца без альтэрнатыў.
Пра гэта паведамляе NEWS.am.
Падчас мітынгу ў горадзе Абовян Пашынян заявіў, што Арменія больш не будзе разлічваць толькі на аднаго саюзніка.
«Мы не будзем спадзявацца на адну дарогу, на аднаго саюзніка, на адзін газаправод», — падкрэсліў ён.
Новыя маршруты і газаправод
Паводле слоў прэм’ера, Арменія развівае новыя транспартныя і энергетычныя маршруты.
«У нас ёсць чыгунка з Захаду на Усход, раней адкрылася чыгунка Ахалкалакі — Карс, а да гэтага адкрылася чыгунка праз тэрыторыю Азербайджана», — дадаў ён.
Пашынян таксама заявіў пра хуткі запуск праекта TRIPP і новага газаправода праз тэрыторыю Арменіі.
«Хутка будзе запушчаны TRIPP, праз нашу тэрыторыю пройдзе газаправод, за кошт гэтага транзіту мы будзем мець уласны газ. За гэты транзіт нам будуць плаціць газам», — патлумачыў ён.
Выбар паміж ЕАЭС і Еўропай
Прэм’ер таксама падкрэсліў, што Арменія пакуль плануе заставацца членам Еўразійскага эканамічнага саюза, паралельна працягваючы рэформы паводле еўрапейскіх стандартаў.
«Як толькі настане час зрабіць выбар, народ Арменіі яго і зробіць. Мая вялікая заслуга ў тым, што ў народа ёсць альтэрнатыва, каб ніхто не змог сказаць: «Каму патрэбная Арменія, куды яна падзецца», — адзначыў ён.
Паводле яго слоў, Арменія паступова ператвараецца ў «перакрыжаванне свету» і становіцца важнай як для Захаду, так і для Усходу.
«Усе гэтыя бакі павінны зрабіць найлепшую прапанову народу Арменіі, які і зробіць свой выбар. Мы больш не канфліктавы тупік, мы перакрыжаванне свету, у народа Арменіі ёсць выбар», — падкрэсліў Пашынян.
Адказ Лукашэнку
Звяртаючыся да Лукашэнкі, ён падкрэсліў, што часы, калі на Арменію можна было ціснуць эканамічна, засталіся ў мінулым.
«Арменія ўжо не краіна тысяч і дзесяткаў тысяч, а краіна мільярдаў і трыльёнаў. Гэта ўжо не тая краіна, якую абрабавалі вы і вашы партнёры», — заявіў прэм’ер Арменіі.
Ён таксама нагадаў пра заявы Лукашэнкі аб удзеле ў падрыхтоўцы 44-дзённай вайны супраць Арменіі і абвінаваціў яго ў спробах уплываць на Ерэван праз ЕАЭС.
«Скажу наўпрост. Арменія не толькі не збіраецца выходзіць з ЕАЭС, але я — адзіны чыноўнік, які адначасова ўваходзіць у два кіроўныя органы Саюза. Гэтыя рычагі я збіраюся выкарыстоўваць і буду выкарыстоўваць, каб Лукашэнка не здолеў выкарыстоўваць ЕАЭС супраць Арменіі. Усе гучныя заявы — пустыя заявы. Тыя, хто выступае з такімі заявамі, не разумеюць, што яны капаюць магілу ЕАЭС», — падсумаваў ён.