25 траўня 2026, панядзелак, 10:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Манілаўшчына»: палітолаг жорстка адказаў на прапановы «фінляндызаваць» Беларусь

2
«Манілаўшчына»: палітолаг жорстка адказаў на прапановы «фінляндызаваць» Беларусь
Аркадзь Мошэс

Нашу краіну выратуе толькі еўрапейскі выбар.

Дырэктар даследчых праграм па Расіі, Усходняй Еўропе і Еўразіі Фінскага інстытута міжнародных адносін Аркадзь Мошэс напісаў для «Салідарнасці» сваю рэакцыю на артыкул Сяргея Ціханоўскага пра мадэль «фінляндызацыі» для Беларусі.

– Не думаў, што мне зноў давядзецца выказвацца наконт магчымасці і тым больш жаданасці для краін Усходняй Еўропы прымерыць на сябе мадэль так званай «фінляндызацыі».

Мне неаднаразова даводзілася абмяркоўваць гэтае пытанне ў дачыненні да Украіны. Яе доўгі час падштурхоўвалі ў гэтым напрамку еўрапейскія «дабрадзеі», якія не жадалі абвастраць адносіны з Расіяй.

На жаль, у выніку, у тым ліку і гэтых «добрых парад», Украіна занадта доўга не магла вызначыцца адносна свайго месца ў сучаснай геапалітычнай структуры свету і Еўропы, не магла зрабіць выбар.

Але ўсе спробы лавіраваць не ўратавалі яе ад вайны з Расіяй. Мне здавалася, што калі ўжо і вывучаць урокі, то цяжка прыдумаць больш наглядны прыклад, чым украінскі.

Тым больш дзіўна было мне ўбачыць артыкул Сяргея Ціханоўскага, у якім ён заклікае да «фінляндызацыі» Беларусі (выйшаў 22 мая ў EU Observer). На жаль, гэты артыкул дэманструе базавое непаразуменне таго, што любая мадэль унікальная і прымяняльная — і таму павінна разглядацца — толькі ў тых канкрэтных гістарычных абставінах, у якіх яна ўзнікла.

У выпадку Фінляндыі абставіны былі наступныя. Перш за ўсё, «фінляндызацыя» не была свабодным выбарам фінскага народа, і гэты тэрмін дагэтуль успрымаецца фінамі з пачуццём крыўды і горычы, бо ён у вялікай ступені несправядлівы. Мадэль была навязаная Фінляндыі Савецкім Саюзам — краінай-пераможцай краіне пераможанай. Альтэрнатывай была б акупацыя, як гэта адбылося з краінамі Балтыі і Усходняй Еўропы.

Магчыма, Сяргей Ціханоўскі ўспрымае выбар сённяшняй Беларусі менавіта такім чынам — як выбар паміж адмовай ад знешнепалітычнай самастойнасці і расійскай акупацыяй, але тут з ім, думаю, гатовыя будуць паспрачацца вельмі многія ягоныя суайчыннікі, якія звязалі свой асабісты лёс з Еўропай і бачаць будучыню сваёй краіны ў інтэграцыі з Еўропай.

Паўтару, што для Фінляндыі «фінляндызацыя» была калі і не перамогай, дык і не поўным паражэннем. Для гэтага ёй давялося вытрываць дзве войны — 1939–40 і 1941–44 гадоў.

Падчас першай, так званай «Зімовай вайны», з грамадства, расколатага на чырвоных і белых, нарадзілася сучасная фінская нацыя. Другая, вядомая як «Вайна-працяг», скончылася на цяжкіх, але пачэсных умовах. Нават Іосіф Сталін разумеў, што вывесці Фінляндыю з вайны, дамогшыся ад яе згоды абвясціць вайну Германіі і выплаціць рэпарацыі, значна больш мэтазгодна для СССР, чым працягваць вайну.

На дварэ быў верасень 1944 года, і трэба было рухацца на Берлін, а не на Хельсінкі, губляючы тысячы і тысячы салдат. З кім, на думку Ціханоўскага, павінна весці сваю «Зімовую вайну» Беларусь, каб дамагчыся аналагічнай павагі ад Крамля?

Яшчэ ў міжваенныя гады Фінляндыя была парламенцкай дэмакратыяй і шанавала гэта. Таму абмежаванне знешнепалітычнага суверэнітэту ў абмен на захаванне ўнутрыпалітычнага ладу было для фінаў балючым, але прымальным выбарам. Дэмакратычныя інстытуты сталі той асновай, якая дазволіла фінам заставацца інтэграванымі ў Захад. Перш за ўсё эканамічна, вядома, але ў пэўнай ступені і палітычна.

Таму, як толькі пасля распаду СССР перад краінай адкрылася магчымасць стаць членам ЕС, яна гэтай магчымасцю скарысталася. А яшчэ да гэтага, у 1970-я, яна ўступіла ў Еўрапейскую асацыяцыю свабоднага гандлю (ЕАСТ). Не ў СЭУ, заўважым.

Не спатрэбіліся ніякія пераходныя перыяды або рынкавыя рэформы. А галоўнае — не трэба было нікому тлумачыць унутры краіны, дзе і разам з кім Фінляндыі быць натуральна і арганічна, а дзе — не.

Паспрабуйце задаць пытанне, дзе і з кім будзе камфортна лукашэнкаўскай Беларусі, і вы адразу зразумееце розніцу і непрымянімасць досведу Фінляндыі для Беларусі. А што будзе натуральным для Беларусі пасля Лукашэнкі, цяпер здагадвацца бессэнсоўна.

Калі ж адцягнуцца ад гісторыі, то ўсім тым аналітыкам, а тут Ціханоўскі далёка не першы, якія любяць паразважаць на тэмы нейтралітэту Беларусі, хацелася б запытацца: а што, Масква калі-небудзь прапаноўвала такую опцыю?

Мне здаецца, што ўсё развівалася ў адваротным напрамку — ад статусу краіны, якая дэкларавала жаданне хаця б у будучыні стаць нейтральнай, да статусу не проста фармальнага члена ваенных саюзаў пад кіраўніцтвам Расіі, але адзінай постсавецкай дзяржавы, што стала саагрэсарам Расіі ва Украіне.

Думаць, што Масква адмовіцца ад кантролю над Беларуссю, яе тэрыторыяй і паветранай прасторай, яе палігонамі і вайсковымі вытворчасцямі, яе чалавечымі рэсурсамі, нарэшце, у абмен на абяцанне не ўступаць у НАТА, па-руску называецца «манілаўшчынай», благімі пажаданнямі, «хацянкамі». Да практычнай палітыкі ўсё гэта — у адрозненне ад «фінляндызацыі» ў свой час — ніякага дачынення мець не будзе.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках